Мінск 22:30

Пракуратура Мінскай вобласці за чатыры гады падала больш за 1,1 тыс. заяў аб прызнанні матэрыялаў “экстрэмісцкімі”

2 верасня, Позірк. Звыш 1,1 тыс. заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” падалі пракуроры Мінскай вобласці за чатыры гады, паведамляе прэс-служба нагляднага органа.

Гэты працэс названы “сістэмнай працай па супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці”.

“Увага органаў пракуратуры ў гэтай сферы звернута як на меры прэвентыўнага характару, накіраваныя на прафілактыку супрацьпраўных дзеянняў і мінімізацыю іх наступстваў, так і на правапрымяняльную практыку, — адзначаецца ў рэлізе. — Важнае значэнне пры гэтым мае каардынацыя намаганняў з праваахоўнымі і кантралюючымі органамі, што дазваляе выбудоўваць адзіную лінію абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў”.

Паведамляецца, што ў 2024 годзе ў сталічным рэгіёне ў суды накіравана 450 падобных заяў, 443 з іх задаволеныя.

У гэтым годзе пададзена 237 заяў (226).

“У ліку прыкладаў можна адзначыць устаноўленыя пракуратурай Мінскага раёна факты распаўсюджвання праз акаўнт “Адгадай” у сацыяльнай сетцы “ЦікТок” матэрыялаў, якія змяшчаюць дыскрэдытуючыя выказванні ў адрас дзяржаўных органаў, заклікі да распальвання сацыяльнай варожасці і ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Доступ да гэтых матэрыялаў ажыццяўляўся без абмежаванняў, што ўзмацняла іх дэструктыўны ўплыў. Па заяве пракуратуры Мінскага раёна яны былі прызнаныя экстрэмісцкімі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама ў адпаведны спіс па ініцыятыве пракурора Барысаўскага раёна было дададзена друкаванае выданне “Всебелорусская гражданская операция “Багратион” (ВГРОБ) 9 августа 2020 года или окончательное решение фашистского вопроса. Практическая инструкция” пад аўтарствам Максіма Шабуцкага.

У якасці “перадавікоў працэсу” называюцца пракуратуры Маладзечанскага, Барысаўскага, Мінскага і Дзяржынскага раёнаў.

1 верасня паведамлялася, што Следчы камітэт пачаў спецвытворчасць у дачыненні да блогера, экс-добраахвотніка палка Каліноўскага і былога сябра Каардынацыйнай рады Шабуцкага.

“Экстрэмісцкія” артыкулы адміністрацыйнага і крымінальнага кодэксаў пасля падзей 2020 года актыўна выкарыстоўваюцца ўладамі для палітычнага пераследу грамадзян.

У дакладзе праваабарончых арганізацый Article 19 і Human Constanta, апублікаваным 7 жніўня, гаворыцца, што ў Беларусі “амаль любое іншадумства таўруюць як “экстрэмізм” або “тэрарызм”, гэта стала “асноўным інструментам рэпрэсій”. Аўтары дакладу звярнулі ўвагу, што ў Беларусі пераслед “часта прымае абсурдныя формы — песні, мемы і анімэ рэгулярна лічацца праявамі экстрэмізму”.

Падзяліцца: