Мінск 14:59

За першую палову 2025 года кантракт з УС РФ падпісалі мінімум 596 грамадзян Беларусі — даныя праекта “Хачу жыць”

Ілюстрацыйнае фота: ostro.org

3 верасня, Позірк. Сама меней 596 грамадзян Беларусі падпісалі кантракт з Узброенымі сіламі Расіі за першую палову 2025 года, сцвярджае ўкраінскі праект “Хачу жыць”.

“Расія вярбуе людзей у свае “мясныя падраздзяленні” па ўсім свеце, у першую чаргу там, дзе беднасць і нізкі ўзровень жыцця, — адзначаецца ў тэлеграм-канале праекта. — Практычна ва ўсіх гэтых краінах можна назіраць розныя паводле эфектыўнасці спробы супрацьдзейнічаць вярбоўцы іх грамадзян на вайну. Але толькі ў Беларусі ўлады не робяць анічога, каб Расія не выкарыстоўвала беларусаў як салдат-смяротнікаў”.

Ініцыятыва нагадала, што ў Беларусі з 2014 года не было заведзена аніводнай крымінальнай справы ў дачыненні да беларускіх грамадзян, якія ваююць на баку РФ, хаця ў нацыянальным заканадаўстве маецца крымінальны артыкул за наёмніцтва (арт. 133 КК), які прадугледжвае да 7 гадоў зняволення.

“Якая ўлада будзе радая таму, што яе мужчыны замест таго, каб працаваць на карысць сваёй краіны, едуць аддаваць жыццё або канечнасці за імперскія амбіцыі старога КДБшніка Пуціна? Мусіць, толькі тая ўлада, якой пляваць на свой народ”, — гаворыцца ў паведамленні.

Рэжым у Мінску, заяўляе праект, гатовы прыносіць сваіх мужчын “у ахвяру Крамлю, аплачваючы лаяльнасць імперыі, на чыіх грошах і штыках сёння трымаецца ўлада ў краіне”, імперыі, “якая паслядоўна знішчае беларускую ідэнтычнасць, мову і культуру”.

Звяртаючыся да беларусаў, “якіх воляй-няволяй уцягнула Расія ў вайну”, ініцыятыва заявіла, што тым “не трэба паміраць за рускіх”.

“Украінскі і беларускі народы ніколі не былі ворагамі. Нам няма чаго дзяліць, не дазваляйце расійскім шавіністам выкарыстоўваць вас у сваіх мэтах. Калі вы хочаце захаваць сваё жыццё, звяртайцеся на гарачую лінію праекта “Хачу жыць”, і мы дапаможам вам вярнуцца да сваіх сем’яў жывымі і цэлымі”, — гаворыцца ў паведамленні.

28 красавіка праект “Хачу жыць” абнародаваў імёны 742 грамадзян Беларусі, што ваявалі ці ваююць на баку Расіі.

Насупраць 590 імёнаў у апублікаваных праектам табліцах была пазначаная дата заключэння кантракта з Узброенымі сіламі РФ, для 152 імёнаў адпаведная графа пустая. Праведзены “Позіркам” аналіз паказаў, што з 590 беларускіх грамадзян у 2022 годзе кантракт заключылі двое (0,34%), 2023-м — 211 (35,76%), 2024-м — 377 (63,90%).

Насупраць імёнаў 95 з 742 чалавек стаіць дата смерці. Дата заключэння кантракта пазначаная для 41 з 95 памерлых.

Аналіз адпаведных даных паказаў, што найменшы тэрмін ад кантракта да смерці склаў 21 дзень, найбольшы — 397. Пры гэтым 30 дзён і менш за Расію паваявала два грамадзяніны Беларусі, ад 31 да 60 — восем, ад 61 да 100 — дванаццаць, ад 101 да 300 — чатырнаццаць, больш за 300 — чатыры. Сярэдні тэрмін — 130 дзён.

Падзяліцца: