Мінск 00:43

Латушка: Дзеянні Карпушонак накіраваныя на ліквідацыю Каардынацыйнай рады і пазбаўленне яе міжнароднага прызнання

Павел Латушка
Фота: "Позірк"

3 верасня, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і Каардынацыйная рада павінны заняць публічную палітычную пазіцыю адносна дзеянняў былога адваката, члена Каардынацыйнай рады Вольгі Карпушонак. Пра гэта 3 верасня ў “тэрміновым звароце“ заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.

Паводле слоў палітыка, дзеянні Карпушонак накіраваныя не толькі на дыскрэдытацыю ягонага імя, але і на “ліквідацыю прадстаўнічага органа дэмакратычных сіл Беларусі — Каардынацыйнай рады“.

3 верасня ў сеціве быў размешчаны скан ліста нібыта ад імя Карпушонак прэзідэнту Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, у якім яна сцвярджае, што “стала ахвярай сэксуальных дамаганняў“ з боку Латушкі.

Латушка падкрэсліў, што, накіраваўшы ліст у адрас прэзідэнта ПАСЕ, Карпушонак “выконвае заданне КДБ“. Мэтай, лічыць кіраўнік НАУ, з’яўляецца пазбаўленне статусу дэлегацыі КР у ПАСЕ, а таксама ў Кангрэсе мясцовых органаў улады Савета Еўропы.

“Гэта выклік спецслужбаў [Аляксандра] Лукашэнкі, які рэалізуецца Вольгай Карпушонак у дачыненні да ўсіх тых, хто хоча дасягнуць пераменаў у Беларусі“, — заявіў Латушка.

Палітык заклікаў Ціханоўскую, спікера КР Арцёма Брухана, дэлегацыі КР у ПАСЕ і Кангрэсе мясцовых органаў улады СЕ “заняць публічную пазіцыю“ на падтрымку не яго асабіста, а “прадстаўнічага органа беларусаў, на падтрымку нашай барацьбы, нашага руху“.

Латушка падкрэсліў, што зробіць усё, каб “знішчыць гэты рэжым Лукашэнкі“, колькі б здароўя і сіл яму гэта ні каштавала.

Атака на Латушку з боку КДБ пад выглядам “непраўдзівых абвінавачванняў з боку Вольгі Карпушонак“ — гэта“ інфармацыйна-псіхалагічная спецыяльная аперацыя, якая спланаваная загадзя”, гаварылася ў апублікаванай 2 верасня заяве НАУ.

Арганізацыя паведаміла, што “ў апошнія дні з’явілася ананімная рассылка, якая фактычна заклікае да прычынення шкоды Вользе Карпушонак”. НАУ расцаніла гэта як частку згаданай спецаперацыі.

У заяве падкрэсліваецца, што “ўсе гэтыя гады, <…> і асабліва з лютага 2025 года“ НАУ церпіць “беспрэцэдэнтны ціск, які выяўляецца ў пагрозах жыццю і здароўю“ супрацоўнікаў, “узбуджэнні крымінальных спраў, канфіскацыі маёмасці, пераследзе родных і блізкіх, шматлікіх спробах вярбоўкі, шантажу, подкупу, дыскрэдытацыі“.

Арганізацыя заклікала “ўлічваць гэтыя абставіны пры фармаванні ацэнак адносна разнастайных спробаў дыскрэдытацыі“ членаў каманды НАУ і Латушкі.

Латушка рэгулярна паведамляе пра пагрозы, якія паступаюць на яго адрас. У сувязі з гэтым з ініцыятывы Нацыянальнай пракуратуры Польшчы распачатая крымінальная справа аб падбухторванні ўстаноўленай асобы да ўчынення ягонага забойства “на заданне спецслужбаў замежных дзяржаў“. Следства вядзе Агенцтва ўнутранай бяспекі пад наглядам пракуратуры ў Лодзі.

Дэлегат Каардынацыйнай Рады (спіс “Хопіць баяцца!”), экс-адвакат Карпушонак абвінаваціла Латушку ў сэксуальных дамаганнях на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” 30 жніўня.

1 верасня яна паведаміла пра гатоўнасць “пацвярджаць свае словы канкрэтнымі фактамі”.

Латушка назваў гэтыя абвінавачванні “хлуснёй і паклёпам“. Ён паведаміў пра намер звярнуцца ў праваахоўныя органы з заявай аб паклёпе, а таксама падрыхтаваць грамадзянскі пазоў да Карпушонак аб абароне гонару і годнасці і патрабаваць абвяржэння.

У НАУ заявілі, што публікацыя “чарговага паклёпу Вольгі Карпушонак“ — спецаперацыя КДБ, накіраваная на дыскрэдытацыю Латушкі.

Падзяліцца: