Бюро эміграцыі Пакістана прапануе працу ў Беларусі па сямі спецыяльнасцях, у тым ліку пяці будаўнічых

5 верасня, Позірк. На сайце Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой урада Пакістана прапануецца праца ў Беларусі па сямі спецыяльнасцях, сведчыць праведзены “Поглядкам” аналіз даных гэтага рэсурсу.
Адметна, што прапановы аб працаўладкаванні пачалі публікавацца на сайце нядаўна — з 25 жніўня, а будаўнічыя ўвогуле на гэтым тыдні — 3 верасня.
У прыватнасці, кампанія B.M.R. International, якая знаходзіцца ў другім паводле колькасці насельніцтва пакістанскім горадзе Лахоры (сталіца правінцыі Пенджаб), з 3 верасня прапануе працу на будоўлі пяці зваршчыкам, дзесяці мулярам і бетоншчыкам, а таксама пятнаццаці арматуршчыкам і цеслярам. На ўсіх пазіцыях аднолькавы заробак — 1.800 беларускіх рублёў (600 долараў).
Кампанія American International, якая знаходзіцца ў Пенджабе, абяцае зарплату ў памеры 500 долараў 200 работнікам, якія будуць займацца перапрацоўкай рыбы і морапрадуктаў у Брэсце (верагодна, гаворка пра прадпрыемства “Санта Брэмар”).
Акрамя таго, кампанія з Лахора Group Abu Abdullah шукае яшчэ шэсць вытворчых працоўных (у арыгінале blue collar — “сіні каўнерык”) на заробак 500–600 долараў. Мяркуючы па звестках на сайце, 19 адпаведных працоўных ужо атрымалася знайсці.
27 жніўня федэральны міністр унутраных спраў і кантролю за абаротам наркотыкаў Пакістана Мохсін Накві на сустрэчы ў Ісламабадзе з кіраўніком беларускага МУС Іванам Кубраковым заявіў пра намер “прыкласці ўсе намаганні для накіравання ў Беларусь найлепшай працоўнай сілы пасля пільнай праверкі”.
11 красавіка Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Мінску з кіраўніком урада Пакістана Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць механізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць 100–150 тыс. адмыслоўцаў.
Гэтыя планы выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненне ў беларускіх уладаў.
“Зацікаўленыя” хочуць “ўзрушыць беларускае грамадства” праблемай мігрантаў, у прыватнасці тэмай прыезду ў Беларусь работнікаў з Пакістана, заявіў Лукашэнка 25 красавіка на нарадзе аб развіцці раёнаў Гомельскай вобласці, якія пацярпелі ў выніку выбуху на Чарнобыльскай АЭС.
Міністэрства ўнутраных спраў адрапартавала пра выяўленне “актыўных правакатараў, якія наўмысна спрабавалі нагнятаць абстаноўку ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай”, распаўсюджваючы інфармацыю пра ўезд у Беларусь 150 тыс. грамадзян Пакістана.
Звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал апублікаваў відэазапіс з затрыманымі за каментарыі і ролікі ў “ЦікТоку” 18-гадовым хлопцам і 20-гадовай дзяўчынай. Маладыя людзі выбачаліся на камеру за “распаўсюд фэйкаў” і “гнеўныя каментарыі на адрас жыхароў цудоўнай краіны Пакістана”.
14 жніўня прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла, што распаўсюджаная ў інтэрнэце інфармацыя пра бойку ў Мінску групы пакістанцаў “не адпавядае рэчаіснасці”.
“Пра гэты інцыдэнт, які адбыўся сёлета 19 чэрвеня, супрацоўнікам міліцыі стала вядома ў гэты ж дзень, — гаварылася ў рэлізе. — Аператыўнікі затрымалі парушальнікаў — замежных студэнтаў, якія навучаюцца ў сталічным універсітэце ўжо некалькі гадоў. Цяпер па гэтаму факту праводзіцца праверка”.
Трое замежнікаў, чыё грамадзянства не было названае, “змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання”, “у дачыненні да затрыманых складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне грамадскага парадку, таксама будзе разгледжанае пытанне пра іх выправаджэнне з краіны”.
Сталічная міліцыя сцвярджала, што датрыманне замежнікамі міграцыйнага заканадаўства “знаходзіцца на пастаянным кантролі — да парушальнікаў прымяняюцца розныя меры ўздзеяння аж да выправаджэння”.
Замежнікаў з Беларусі выдвараюць за парушэнне закона, у прыватнасці, правілаў дарожнага руху, распаўсюд наркотыкаў або хуліганства. У траўні з краіны выслалі грамадзяніна Туркменістана і двух мараканскіх студэнтаў, за парушэнне ПДР і бойку адпаведна. У чэрвені быў высланы грамадзянін Кот-д’Івуара, у ліпені — грамадзяне “адной з краін Балтыі” і Туркменістана.
У МУС паведамлялі, што за сем месяцаў 2025 года з Беларусі было выдварана амаль 3 тыс. замежнікаў і асоб без грамадзянства.
14 жніўня Лукашэнка ў віншаванні прэм’ер-міністру Пакістана Шахбазу Шарыфу з Днём незалежнасці нагадаў яму пра “накіраванне пакістанскіх кваліфікаваных адмыслоўцаў для працы ў Беларусь”.
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 5 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская заклікала АБСЕ "больш актыўна патрабаваць судовага пераследу за злачынствы рэжыму" (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа восем месяцаў фізасобы прадалі наяўнай валюты на 1,75 млрд долараў больш, чым купілі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка