Мінск 20:27

Супрацоўнікі ДАІ выкарысталі зброю, каб спыніць правапарушальніка ля вёскі Гаі

Архіўнае фота: Раман Руцькоў / wikimedia.org

8 верасня, Позірк. У ноч на 8 верасня супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі выкарысталі зброю, каб спыніць правапарушальніка ў Магілёўскім раёне, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Інцыдэнт адбыўся ля вёскі Гаі. Інспектары “падалі сігнал на спыненне” кіроўцу аўтамабіля “БМВ”, той яго праігнараваў, пасля чаго “пачаўся пераслед”.

“На неаднаразовыя законныя патрабаванні спыніцца парушальнік не рэагаваў, толькі павялічыўшы хуткасць і ствараючы рэальную пагрозу жыццю і здароўю іншых удзельнікаў дарожнага руху. Пасля папярэджання аб выкарыстанні зброі інспектар зрабіў прыцэльныя стрэлы па колах. Аўто спынілі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што за “стырном знаходзіўся 23-гадовы жыхар Магілёва, які ў ліпені гэтага года быў пазбаўлены права кіравання за выезд на паласу сустрэчнага руху”. “У дачыненні да маладога чалавека складзена восем адміністрацыйных матэрыялаў, у тым ліку за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў АУС”, — адзначыла МУС.

Паведамляецца, што кіроўца быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, аўтамабіль — на ахоўную стаянку.

У ноч на 4 жніўня супрацоўнікі ДАІ выкарысталі зброю, каб спыніць аўтамабіль ля зоны адпачынку “Клецкая сажалка” (Клецкі раён Мінскай вобласці). 16 чэрвеня паведамлялася пра аналагічныя дзеянні супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі для затрымання парушальніка ў Кастрычніцкім раёне (Гомельская вобласць), 11 лютага — у Асіповіцкім раёне, 9 лютага — у Чэрыкаўскім раёне (абодва — Магілёўская вобласць), 29 студзеня — у Мазырскім раёне (Гомельская вобласць).

Падзяліцца: