“Гэта магло быць памылкай” — Трамп пра ўварванне ў Польшчу з Беларусі расійскіх БПЛА

12 верасня, Позірк. “Гэта магло быць памылкай”, — заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, каментуючы ўварванне расійскіх беспілотнікаў у Польшчу ў ноч на 10 верасня.
“Нягледзячы на гэта, я не задаволены тым, што звязана з усёй гэтай сітуацыяй. Але, спадзяюся, усё гэта скончыцца”, — цытуе Трампа Bloomberg.
Паводле слоў кіраўніка Белага дома, ён асуджае РФ за тое, што яна “нават наблізілася” да межаў НАТО.
“Я не ў захапленні ад гэтага”, — сказаў Трамп.
Раніцай 10 верасня польскія ўлады паведамілі аб масавым уварванні расійскіх дронаў на тэрыторыю краіны — першым за тры з паловай гады поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. Паводле інфармацыі ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, частка дронаў прыляцела ў Польшчу праз Брэсцкую вобласць. Варшава заявіла пра “акт агрэсіі”. Паведамлялася аб адным пашкоджаным жылым будынку. Для нейтралізацыі БПЛА задзейнічаліся сілы як Польшчы, так і іншых краін НАТО.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў пра 19 парушэнняў паветранай прасторы. “Новым, у горшым сэнсе гэтага слова, з’яўляецца кірунак, адкуль прыляцелі дроны. Упершыню ў гэтай вайне яны не прыляцелі з Украіны, у выніку памылак або дробных расійскіх правакацый. Упершыню значная частка дронаў прыбыла наўпрост з Беларусі”, — заявіў прэм’ер.
Увечары таго ж дня міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі па прадстаўленні Туска падпісаў распараджэнне аб закрыцці мяжы з Беларуссю. Дакумент пачаў дзейнічаць з паўночы 12 верасня.
“Мэта прыпынення памежнага руху на памежных пераходах з Беларуссю — забеспячэнне бяспекі мяжы Польшчы, якая адначасова з’яўляецца замежнай мяжой Еўрапейскага саюза”, — гаварылася ў паведамленні МУС.
“Закрываем мяжу з Беларуссю ў сувязі з пагрозай, якую нясуць манеўры “Захад”. Падначаленыя службы МУС і армія знаходзяцца ў найвышэйшай гатоўнасці. Гэтае рашэнне носіць часовы характар. Прыярытэт для нас — бяспека полек і палякаў. Пераходы адкрыем, калі будзем упэўненыя, што сітуацыя не будзе несці нам ні найменшай пагрозы”, — заявіў Кервіньскі.
10 верасня стала вядома, што па прапанове аператыўнага камандавання Узброеных сіл Польшчы з 1 гадзіны ночы па мінскім часе 11 верасня да 2 гадзін 59 хвілін 10 снежня 2025 года ўведзена беспалётная зона ўздоўж мяжы з Беларуссю і Украінай.
11 верасня Латвія заявіла, што абмежаванні ў паветранай прасторы ля межаў з Беларуссю і Расіяй пачнуць дзейнічаць з 18 гадзін 11 верасня і працягнуцца “мінімум тыдзень”.
Пра пачатак сумесных з РФ вучэнняў паведаміла 12 верасня Міністэрства абароны Беларусі. Манеўры прадоўжацца да 16 верасня.
Раней паведамлялася, што падчас вучэнняў будзе адпрацаванае “планаванне ўжывання” ядзернай зброі і комплексу “Арэшнік”, а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаЕЭК: У Беларусі, Казахстане і Расіі ў ліпені вырасла афіцыйнае беспрацоўеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка