ЗША не патрабуюць ад Вільнюса зняцця санкцый з Беларусі — МЗС Літвы

12 верасня, Позірк. Пасля вызвалення Аляксандрам Лукашэнкам 52 палітвязняў ЗША не патрабуюць ад Літвы зняцця санкцый у дачыненні да Беларусі, паведамляе партал навін Delfi са спасылкай на міністра замежных спраў балтыйскай краіны Кястуціса Будрыса.
“Я магу вам гарантаваць, што гэтага пытання няма на стале. Уведзеныя санкцыі падаўжаюцца. <…> Пакуль не будуць ліквідаваныя прычыны, па якіх яны былі ўведзеныя, такіх дэбатаў не будзе”, — заявіў Будрыс.
Кажучы пра перамовы паміж Вашынгтонам і Мінскам аб вызваленні палітвязняў, кіраўнік МЗС адзначыў, што “гэта не абавязвае Літву мяняць свае правілы”.
“Санкцыі, уведзеныя на нашай прасторы, з’яўляюцца еўрапейскімі, і, акрамя таго, мы ўвялі нацыянальныя абмежавальныя меры праз дапамогу Беларусі Расіі ў яе агрэсіі супраць Украіны. У нас застаецца магчымасць перавесці санкцыі Еўрасаюза ў нацыянальныя, калі яны перастануць дзейнічаць”, — падкрэсліў міністр.
На яго думку, санкцыі ў дачыненні да Беларусі “даюць вынікі”. “Гэта санкцыйная палітыка, палітыка ізаляцыі рэжыму, палітыка падтрымкі дэмакратычных сіл”, — дадаў Будрыс.
Напярэдадні кіраўнік МЗС Літвы заявіў, што існуе “доўгі спіс прычын, па якіх [ў дачыненні да Мінска] былі ўведзены абмежавальныя меры”, і для таго, каб Вільнюс змяніў сваю пазіцыю, “трэба ліквідаваць карэнныя прычыны”.
“І зараз мы бачым спробы рэжыму паўплываць на гэтыя рашэнні. Для мяне гэта доказ таго, што санкцыі эфектыўныя і павінны заставацца ў сіле”, — падкрэсліў чыноўнік.
Кіраўнік літоўскай дыпламатыі лічыць, што “змякчэнне міжнароднай ізаляцыі Лукашэнкі, абмеркаванне абмену палітычных зняволеных на адмену санкцый“ — гэта “вельмі небяспечны шлях. Думаю, гэта можа прывесці да сітуацыі, калі Лукашэнка прынамсі будзе зноў і зноў будзе набіраць закладнікаў. <…> Мы павінны патрабаваць вызвалення абсалютна ўсіх палітвязняў, < … > гэта павінна стаць адпраўным пунктам для любых дыскусій“.
11 верасня пасля сустрэчы намесніка спецпасланніка прэзідэнта ЗША ва Украіне Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, стала вядома, што “на просьбу прэзідэнта ЗША і іншых кіраўнікоў дзяржаў“ той прыняў рашэнне аб памілаванні “шэрагу замежных грамадзян, асуджаных за шпіёнскую дзейнасць, удзел у экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці і якія ўчынілі іншыя злачынныя дзеянні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь“.
Агулам памілавана 52 чалавекі, сярод якіх 14 замежных грамадзян: шэсць — Літвы, па двое — Латвіі, Польшчы і Германіі, адзін грамадзянін Францыі і адзін — Вялікабрытаніі, дзевяць журналістаў, а таксама палітыкі, актывісты, грамадскія дзеячы.
Паведамлялася, што ў якасці меры ў адказ ЗША дазволілі частку аперацый з беларускім авіяперавозчыкам “Белавія”.
Казаць пра аднаўленне транзіту праз Літву беларускіх калійных угнаенняў “няма сэнсу”, бо ў дачыненні да такіх паставак дзейнічаюць санкцыі ЗША і Еўрасаюза, заявіў 22 ліпеня галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Гітанаса Наўседы ў пытаннях навакольнага асяроддзя і інфраструктуры Рамунас Дылба.
Паводле яго слоў, нават калі санкцыі ЗША і ЕС будуць знятыя, у Літвы ёсць прававыя інструменты ў рамках нацыянальнага заканадаўства для “абароны сваіх інтарэсаў”.
25 чэрвеня стала вядома, што Сейм Літвы прыняў папраўкі аб нацыянальных санкцыях супраць Беларусі і Расіі, прапанаваныя ў якасці свайго роду страхоўкі на выпадак непрацягнення санкцый на ўзроўні Еўрасаюза.

- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы з пачатку года падаражэлі на 12,5%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка