Мінск 23:53

Шчыракова: Ёсць святло ў канцы тунэля, і мы ўсе хутка выйдзем

12 верасня, Позірк. Памілаванні палітвязняў, якія прайшлі ў апошні час, павялічылі ў жаночай калоніі ў Гомелі долю палітвязняў, якія вераць у тое, што яны будуць вызваленыя датэрмінова, а не пасля заканчэння прызначанага прысудам тэрміну зняволення, заявіла на прэс-канферэнцыі 12 верасня ў Вільнюсе экс-палітвязняволеная журналістка Ларыса Шчыракова.

“Ёсць усведамленне таго, што ёсць святло ў канцы тунэля, і мы ўсе выйдзем”, — сказала яна.

Шчыракова і іншая экс-палітвязняволеная журналістка, Ірына Слаўнікава, паведамілі пра стан іншых жанчын-палітвязняў.

У прыватнасці, Шчыракова адзначыла, што ў былога галоўрэда партала tut.by Марыны Золатавай “усё добра, наколькі гэта можа быць добра ў турме”: “Здароўе нармальнае, яна чытае, займаецца фізкультурай, у добрым маральным стане, у яе ёсць аўтарытэт у атрадзе, <…> да яе карэктна ставяцца іншыя зняволеныя”.

Паводле слСлаўнікавай, экс-кіраўніку штаба Віктара Бабарыка Марыі Калеснікавай некаторы час таму ўпершыню за 3,5 гады дазволілі схадзіць у клуб: “На мінулым тыдні быў кінапаказ пад адкрытым небам, куды прыходзілі Золатава, [журналістка Кацярына Андрэева] (Бахвалава), Калеснікава і яшчэ дзве дзяўчыны з нашай катэгорыі прафуліку”.

Бахвалава “вельмі худая, вельмі перажывае за лёс свайго мужа (Ігара Ільяша, у працэсе па справе якога нядаўна быў абвешчаны чарговы перапынак. — “Позірк”.) і за здароўе сваёй маці, але ў апошні час знаходзіцца на псіхалагічным уздыме”, адзначыла экс-палітвязняволеная.

Падзяліцца: