Мінск 00:33

У спіс “экстрэмістаў” дададзена 25 чалавек

12 верасня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў дадало ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, яшчэ 25 чалавек. Цяпер у дакуменце, размешчаным на сайце ведамства, 5.770 пазіцый.

У спісе ўпершыню з’явіўся запіс “вызвалены ад адказнасці ў сувязі са сканчэннем тэрміну прыцягнення”. Размова ідзе пра Андрэя Хрысціна, прызнанага вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, паводле якога тэрмін прыцягнення да адказнасці складае пяць гадоў. Па гэтым артыкуле традыцыйна асуджаюцца ўдзельнікі пратэстаў 2020 года.

З паметкай “адбывае пакаранне” ў спіс унесены Уладзімір Джараеў (асуджаны паводле ч. 3 арт. 3611, ч. 1 арт. 368, арт. 369 КК), Дзмітрый Грышкевіч (ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 368, ч. 3 арт. 3611), Аляксей Камовіч, Дзмітрый Байцоў, Яўген Бодрыкаў (усе — ч. 1 і ч. 2 арт. 3614) і Андрэй Каваль (ч. 1 арт. 342). Ніводзін з іх не прызнаны беларускімі праваабарончымі арганізацыямі палітвязнем.

Насупраць астатніх уключаных у спіс стаіць пазнака “судзімасць не пагашана”, як правіла, гэта азначае прызначэнне пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі.

Сярод іх асуджаныя паводле ч. 1 арт. 342 Раман Шарафановіч, Павел Якута, Аляксандр Кірэль, Леў Смусін, Вольга Пракапенка, Алена Макарэвіч, Сяргей Гурук, Кацярына Грыцак, Марына Рапавец, Кацярына і Сяргей Дубовікі, Лілія і Аляксандр Пажарыцкія і Аляксей Гапіенка.

З той жа адзнакай спіс папоўнілі асуджаныя паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 3614 Таццяна Клачко і Андрэй Кабяк, паводле ч. 2 арт. 3614 — Таццяна Францкевіч і Наталля Лабацэвіч (маці палітвязня актывіста анархісцкага руху Аляксандра Францкевіча і яе сястра. — “Позірк”.), паводле ч. 1 арт. 130 — Мікалай Журыч.

Дадаванне асуджаных у спіс “экстрэмістаў” — адзін з механізмаў масавых палітычных рэпрэсій, якія працягваюцца ў Беларусі з 2020 года.

Даведка “Позірку”:

арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;

3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;

3612 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;

3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

368 — абраза прэзідэнта;

369 — абраза прадстаўніка ўлады.

Падзяліцца: