Мінск 20:50

У Барысаве загінуў васьмікласнік, які ўпаў з даху шматпавярхоўкі

Фота: тэлеграм-канал "Типичный Борисов Беларусь"

16 верасня, Позірк. Пра гібель вучня восьмага класа адной з гімназій Барысава (Мінская вобласць) паведаміў раённы аддзел Следчага камітэта.

Паводле папярэдніх звестак, 15 верасня падлетак упаў з даху шматпавярховага дома па вуліцы Гагарына.

“У рамках праверкі па факце гібелі непаўналетняга праводзіцца комплекс следчых дзеянняў, — перадае паведамленне РАСК тэлеграм-канал “Борисов. Новости”. — Прызначаныя неабходныя экспертызы, апытваюцца відавочцы, вывучаюцца матэрыялы з навучальнай установы”.

Паводле звестак тэлеграм-канала ” Типичный Борисов Беларусь”, загінулы ўпаў з дома па адрасе вул. Гагарына, 64. “Паказальна, што ў чэрвені ў гэтым жа доме наклала на сябе рукі дзяўчына”, — гаворыцца ў паведамленні.

11 верасня паведамлялася, што ля інтэрната Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры на праспекце Пераможцаў у Мінску было знойдзена цела 18-гадовага маладога чалавека. Як мяркуецца, студэнт гэтай ВНУ загінуў, выкінуўшыся з акна інтэрната.

Абставіны надзвычайнага здарэння, якое адбылося 8 верасня, высвятляе Следчы камітэт.

Самы высокі ўзровень суіцыдаў у Беларусі ў 2024 годзе быў у сталіцы — 9,2 выпадкі на 100 тыс. насельніцтва, паведаміла намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя Аксана Шылава на міжнародным медыцынскім форуме “Ахова здароўя Беларусі” 16 красавіка.

Паводле яе слоў, найменшы ўзровень суіцыдаў зарэгістраваны ў Мінскай вобласці (5,02 на 100 тыс.). Агулам па краіне колькасць самагубстваў змяншаецца, сказала псіхіятр, адзначыўшы, што 30 гадоў таму паказчыкі былі ў некалькі разоў большыя.

У 2024 годзе праз знешнія прычыны ў краіне загінула 126 дзяцей — на 34% больш, чым у 2023-м (94), паведаміў у сакавіку намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення па наглядзе ў сацыяльнай сферы Генеральнай пракуратуры Павел Зайцаў.

Паводле яго слоў, асноўнымі прычынамі гібелі былі суіцыд, дарожна-транспартныя здарэнні, утапленні і пажары.

Падзяліцца: