Мінск 21:28

Пракуратура выявіла факты неабгрунтаванага прылічэння псіхічна хворых да незанятых у эканоміцы

17 верасня, Позірк. Пракуратура Віцебскай вобласці выявіла выпадкі аднясення працаздольных грамадзян да не занятых у эканоміцы, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Паводле звестак ведамства, у шэрагу раёнаў выяўлены парушэнні і ў частцы незаконнага ўключэння асоб у сольў спісы дармаедаў. Напрыклад, у іх уключалі грамадзян, “якія знаходзяцца пад дыспансерным назіраннем у сувязі з хранічнымі або зацяжнымі псіхічнымі расстройствамі (захворваннямі)”.

Згодна з заканадаўствам, такія людзі не адносяцца да не занятых у эканоміку з прычыны захворвання.

Таксама вынікі наглядных мерапрыемстваў паказалі, што “камісіі не ў поўнай меры рэалізавалі ўскладзеныя на іх паўнамоцтвы па ўключэнні не занятых у эканоміцы грамадзян у працоўную дзейнасць”.

У прыватнасці, пракуроры ў Лепельскім, Полацкім і Сенненскім раёнах устанавілі факты “фармальнай перапіскі камісій з тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў аб садзейнічанні ў працаўладкаванні непрацуючых грамадзян, якія ўчынілі правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення і вялі асацыяльны лад жыцця”: “Фактычная яўка асоб на пасяджэнні апынулася вельмі нізкай”.

Полацкі РАУС накіраваў у адрас пастаянна дзейнай камісіі ў ліпені 2025 года інфармацыю ў дачыненні да 722 грамадзян, якия не працуюць і ўчынілі правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення, у якой прасіў аказаць ім садзейнічанне ў працаўладкаванні. У адказ камісія папрасіла РАУС дапамагчы з дастаўкай указаных асоб. У выніку на паседжанні з’явілася толькі 72 чалавекі, гаворыцца ў рэлізе.

Неактуальнасць складу камісій адзначылі ў пракуратурах Браслаўскага, Верхнядзвінскага і Гарадоцкага раёнаў.

У ходзе пракурорскай праверкі ў Талачынскім раёне ўстаноўлена рэгістрацыя грамадзян у якасці беспрацоўных “у адсутнасць неабходных дакументаў”.

Па выніках праверак органы пракуратуры Віцебскай вобласці ўнеслі ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы пяць прадстаўленняў і 14 пратэстаў.

Не дапускаць адтоку эканамічна актыўнага насельніцтва з рэгіёнаў зараз з’яўляецца “задачай нумар адзін”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 лістапада 2024 года ў Клімавічах (Магілёўская вобласць) на абласным свяце “Дажынкі”.

Пры гэтым ён адзначыў, што “працаваць жадаюць далёка не ўсе”, і папярэдзіў: “Рыхтуйцеся, бамжоў, дармаедаў у краіне не будзе, усе павінны варушыцца, працаваць, зарабляць на сябе і сваю сям’ю”. “Мы дапаможам, дамо рабочае месца, толькі ідзіце працаваць. Тыя, хто перашкаджаюць людзям жыць… Хлопцы, мы з вамі будзем сур’ёзна разбірацца, не крыўдуйце”, — заявіў спікер.

Дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” быў прыняты Аляксандрам Лукашэнкам у 2015 годзе і, паводле афіцыйнай версіі, павінен быў садзейнічаць занятасці. У 2017-м, калі адпаведныя катэгорыі грамадзян сталі атрымліваць з дзяржорганаў лісты з патрабаваннем “кампенсацыі дзяржаўных расходаў”, у многіх гарадах пачаліся масавыя пратэсты — “маршы недармаедаў”. У выніку дакумент быў адпраўлены на дапрацоўку.

У студзені 2018 года быў падпісаны дэкрэт № 1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”, які адкарэктаваў дэкрэт № 3. У базу “дармаедаў” тады ўнеслі каля паўмільёна чалавек.

Пачынаючы з 1 студзеня 2019 года працаздольныя грамадзяне, якія не занятыя ў эканоміцы, аплачваюць частку камунальных паслуг у поўным аб’ёме.

Пасля жніўня 2020 года з Беларусі, баючыся рэпрэсій, выехалі дзясяткі тысяч чалавек. Таксама ў апошнія гады колькасць занятых у беларускай эканоміцы скарачаецца на дзясяткі тысяч чалавек штогод.

Падзяліцца: