Мінск 20:57

Падсанкцыйнае прадпрыемства ВПК вучыць чыноўнікаў абараняцца ад беспілотнікаў

19 верасня, Позірк. Пра правядзенне 17 і 18 верасня семінараў “Абарона аб’ектаў крытычнай інфраструктуры ад несанкцыянаваных палётаў БПЛА” паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.

Яны прайшлі на сваёй вытворчай пляцоўцы ААТ “КБ Радар” у Мінску.

Удзельнікамі былі “прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, сілавых ведамстваў, прадпрыемстваў і арганізацый” — больш за 200 чалавек.

Прэзентаваны комплекс супрацьдзеяння беспілотным лятальным апаратам “Гроза-Z3”, радыёэлектронная вінтоўка для барацьбы з мультыкоптарамі “Гроза-Р5” у камплекце з вяўляльнікам мультыкоптараў “Звонок”; комплекс выяўлення і вызначэння месцазнаходжання мультыкоптараў “Дроноскоп”; выяўляльнік-пеленгатар сігналаў мультыкоптараў “Шапель”; выяўляльнік FPV-БПЛА з функцыяй перахопу відэа “FPV-скоп” і партатыўны выяўляльнік-пеленгатар сігналаў мультыкоптараў “Флюгер”.

Удзельнікам прадэманстравана “практычнае прымяненне згаданых вырабаў”: “Яны змаглі ўбачыць, як гэтыя сродкі працуюць па рэальных цэлях — БПЛА розных тыпаў, у тым ліку камерцыйных і FPV-дроны”.

З удзельнікамі “дасягнуты дамоўленасці пра далейшыя крокі па прапрацоўцы перспектыўных праектаў супрацоўніцтва ў галіне абароны аб’ектаў ад несанкцыянаваных палётаў БПЛА”.

1 красавіка 2024 года пачаў дзеянне ўказ ад 25 верасня 2023 года № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў”, якім забараняецца ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы без належнага дазволу.

Палата прадстаўнікоў 16 верасня ў другім чытанні прыняла праект закона “Аб унясенні змяненняў у кодэксы па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці”, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзеянні з БПЛА.

ААТ КБ “Радар-Кіроўная кампанія” холдынгу “Радыёлакацыйныя сістэмы” створана на базе спецыялізаванага канструктарскага бюро, што дзейнічала з 1974 года. Сёння займаецца распрацоўкай і вытворчасцю радыёлакацыйных сістэм і сродкаў РЭБ.

З 2022 года знаходзіцца пад санкцыямі Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі і Новай Зеландыі ў сувязі са спрыяннем расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Падзяліцца: