Мінск 21:17

Лукашэнка мае намер разам з царквой далучаць моладзь да “традыцыйных каштоўнасцяў” і сельскай гаспадаркі

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

19 верасня, Позірк. Выхаванне маладога пакалення на традыцыйных каштоўнасцях абмеркаваў Аляксандр Лукашэнка з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, патрыяршым экзархам усяе Беларусі Веніямінам (Тупека) 19 верасня падчас наведвання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра (Слонімскі раён Гродзенскай вобласці).

“Нікога не трэба прымушаць хадзіць у царкву. Гнаць нікога не трэба, але ўмовы трэба ў царкве ствараць, каб моладзь [прыходзіла ў храмы]”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Важнае значэнне царквы, на яго думку, у тым, “каб яна закладала духоўныя, маральныя асновы”: “Але разам з тым трэба праяўляць і гнуткасць у асобных пытаннях, улічваць сучасныя рэаліі, каб быць бліжэй да людзей. <…> Мы ж [моладзь] не пераробім. У чымсьці перарабіць вы павінны, але ўжо радыкальна не пераробім, таму дзесьці трэба трошачкі і прыстасавацца, каб людзі былі нашы, каб яны былі ў царкве”.

“Не трэба перарабляць, але карэктаваць”, — адказаў Веніямін.

Лукашэнка на гэта заўважыў, што ў Беларусі “на цяперашнім этапе атрымліваецца спраўляцца з гэтай задачай, як нідзе”.

“Па словах царкоўных служкаў”, у моладзевым асяроддзі ў Беларусі набірае папулярнасць такі кірунак, як манастырынг, калі людзі прыязджаюць у манастыр, каб, “як сказаў мітрапаліт Веніямін, “адарвацца ад інтэрнэту, тэлефона, пажыць, папрацаваць”, паведамляе прэс-служба.

“Толькі каб яны не адрываліся па-свойму тут”, — сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе значэнне гэтага слова ў моладзевым слэнгу. Мітрапаліт запэўніў, што ў манастырах “у гэтым плане ўсё строга”.

Па словах Лукашэнкі, дзяржава будзе аказваць садзейнічанне царкоўным інстытутам асабліва ў тым, што “датычыцца ўзаемадзеяння з моладдзю, далучэння сучаснага маладога пакалення да традыцыйных каштоўнасцяў і да працы, а таксама ў культывацыі зямель, вядзенні сельскай гаспадаркі”.

“Традыцыйныя каштоўнасці” з’яўляюцца агрэсіўнай часткай ідэалогіі ўладаў, па аналогіі з Расіяй.

10 ліпеня паведамлялася пра ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў законапраекта “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці”, які ўводзіць артыкул 19.16 “Прапаганда гомасексуальных стасункаў, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі”.

Згодна з яго палажэннямі, дзеянні, прызнаныя парушэннямі, пацягнуць накладанне штрафу.

Генеральны пракурор Андрэй Швед у лютым 2024-га на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі паведаміў, што “паводле ініцыятывы органаў пракуратуры” падрыхтаваны законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за прапаганду “нетрадыцыйных сямейных адносін”.

У лістападзе мінулага года Швед паведамляў, што ў Беларусі прадугледжваецца ўвядзенне псіхалагічнага тэсціравання педагогаў на прадмет выяўлення схільнасці да здзяйснення палавых злачынстваў у дачыненні да дзяцей.

Праваабаронцы настойваюць, што законапраект аб “прапагандзе гомасексуальнасці, бяздзетнасці і змены полу” супярэчыць Канстытуцыі.

Падзяліцца: