Мінск 21:13

Літоўская мытня прадухіліла пастаўку ў Беларусь падсанкцыйнага напаўняльніка для каціных туалетаў

19 верасня, Позірк. Супрацоўнікі Клайпедскай тэрытарыяльнай мытні затрымалі два марскія кантэйнеры з больш чым 50 тонамі напаўняльніка для каціных туалетаў. Як паведаміла Мытня Літвы, высветлілася, што гэты груз з’яўляецца санкцыйным, і яго перавозка ў Беларусь забароненая.

Кантэйнеры прыбылі ў Клайпедскі марскі порт з порта Гамбург (ФРГ) і павінны былі быць адпраўленыя далей у Беларусь. Адпраўніком грузу з’яўляецца кітайская кампанія. Прадстаўнік дэкларанта падаў мытнікам дзве транзітныя дэкларацыі, у якіх тавар быў ідэнтыфікаваны як напаўняльнік для кацінага туалета.

Аднак пасля правядзення фізічнага дагляду і ацэнкі прадстаўленых дакументаў у мытнікаў узнікла падазрэнне, што тавары былі задэклараваныя пад няправільным кодам камбінаванай таварнай наменклатуры, гаворыцца ў рэлізе. Праведзеныя ў мытнай лабараторыі даследаванні пацвердзілі, што заяўлены код не адпавядае фактычнай класіфікацыі тавараў.

Адзначаецца, што згодна з новым кодам таварнай наменклатуры, канфіскаваны напаўняльнік для кацінага туалета трапляе пад пералік тавараў, якія падпадаюць пад міжнародныя санкцыі.

Мытня нагадвае, што парушэнне міжнародных санкцый цягне адказнасць у адпаведнасці з артыкулам 515 Кодэкса Літоўскай Рэспублікі аб адміністрацыйных правапарушэннях. Фізічныя асобы, кіраўнікі юрыдычных асоб або іншыя адказныя асобы могуць быць пакараныя адміністрацыйным штрафам у памеры да шасці тысяч еўра з канфіскацыяй тавараў, што незаконна перавозяцца.

Таксама гаворыцца, што мытнікі “рэгулярна правяраюць выкананне санкцый і нацыянальных абмежаванняў, якія прымяняюцца Еўрапейскім саюзам”.

Паводле даных ведамства, “затрымліваецца мноства грузаў, у якіх робяцца спробы схаваць тавары, што падпадаюць пад санкцыі, як правіла, шляхам дэкларавання іх пад іншымі кодамі або падавання загадзя ілжывай інфармацыі”.

“Падобныя выпадкі сведчаць пра тое, што плынь тавараў у краіны, якія падпадаюць пад санкцыі, старанна кантралюецца, а спробы абысці ўсталяваны парадак выяўляюцца і спыняюцца”, — сказана ў рэлізе.

Падзяліцца: