Мінск 09:18

Беларускія ўлады хочуць атрымаць ад Кітая напрацоўкі ў сферы штучнага інтэлекту

Ілюстрацыя: Pete Linforth / pixabay.com

21 верасня, Позірк. Дадатковы імпульс беларуска-кітайскаму супрацоўніцтву неабходна надаць у сферы штучнага інтэлекту (ШІ), заявіў першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1“ (выйшла ў эфір 21 верасня).

Паводле яго слоў, у стасунках з Кітаем гэта “найбольш адчувальная, найбольш складаная і найбольш перспектыўная тэма“. “Тое, што датычыцца ўсіх астатніх напрамкаў — біятэхналогій, нана, новыя матэрыялы авіябудавання, беспілотныя апараты і гэтак далей, па вялікім рахунку, мы бачым нармальнае паступальнае супрацоўніцтва і стварэнне прадукту“, — падкрэсліў чыноўнік.

Ён выказаў меркаванне, што ў сферы ШІ Кітай знаходзіцца “наперадзе планеты ўсёй“, таму што “1,3 млрд чалавек — гэта 1,3 млрд інфармацыі“.

“Чым больш інфармацыі, тым больш правільна выстройваюцца алгарытмы ШІ. Таму мы не маглі ў прынцыпе, зыходзячы з нашых 9 млн [насельніцтва], валодаць той інфармацыяй, а адпаведна сфармаваць тыя правільныя алгарытмы, якія фарміруюць ШІ. Таму тут вельмі важна будзе атрымаць, запазычыць досвед і напрацоўкі, і алгарытмы“, — заявіў Снапкоў.

Гаворачы аб узаемадзеянні Беларусі ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, ён падкрэсліў, што нельга “жыць на старым багажы“.

“Мы заўсёды павінны ісці наперад, ствараць новае і ўкараняць яго. Таму што без гэтага мы не выйграем канкурэнцыю ў свеце, якая ўзмацняецца па напрамках ўсіх. Таму, на мой погляд, з пункту гледжання ўстойлівасці эканамічнай ШАС, супрацоўніцтва і інавацыі павінны стаяць у пункце № 1. І мы бачым сёння, як некалькі трансфармавалася стрыжневая накіраванасць арганізацыі. Яна ж была створаная з пункту гледжання бяспекі, а сёння яна элегантна трансфармуецца не толькі ў бяспеку, але і ў эканамічнае супрацоўніцтва“, — лічыць чыноўнік.

27 верасня 2024 года на сустрэчы са студэнтамі інжынерна-тэхнічных ВНУ Мінска Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пры аналізе інфармацыі і прыняцці рашэнняў не звяртаецца да дапамогі якіх-небудзь сістэм або штучнага інтэлекту.

“Я баюся, каб гэты штучны інтэлект не прывёў да таго, што мы ў палоне ў яго будзем“, — адзначыў ён. На думку прамоўцы, “будзе катастрофай“, калі ў выніку развіцця тэхналогій чалавецтва “застанецца не пры справах”.

“Мяне гэта вельмі хвалюе і насцярожвае“, — сказаў Лукашэнка. Адначасова ён прызнаў, што без сучасных тэхналогій “не абысціся”.

19 снежня на сустрэчы з міністрам інвестыцый ААЭ, выканаўчым дырэктарам інвестфонду ADQ Махамедам Хасанам Аль-Сувейдзі Лукашэнка паабяцаў “рабіць усё для садзейнічання і развіцця“ ШІ.

31 студзеня 2025 года тагачасны прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на ІТ-форуме Digital Almaty ў Казахстане заявіў, што на “сённяшнім узроўні разумення“ тэхналогіі павінны прымяняцца для “стандартызаваных, строга рэгламентаваных працэсаў, але не для прыняцця складаных рашэнняў аб жыцці чалавека“.

Падзяліцца: