Мінск 13:05

У Брэсцкай вобласці адбыліся паказальныя суды па справах выпускнікоў, якія не адпрацавалі паводле размеркавання

Ілюстрацыйнае фота: Racool Studio / freepik.com

22 верасня, Позірк. Ад пачатку 2025 года ў Брэсцкай вобласці адбылося не менш за пяць выязных судовых пасяджэнняў па справах аб спагнанні сродкаў з выпускнікоў, якія не адпрацавалі абавязковы тэрмін размеркавання, вынікае з паведамлення абласной пракуратуры, якое 22 верасня апублікавала прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Адзначаецца, што пракуратура Брэсцкай вобласці “на пастаяннай аснове аналізуе выпадкі, у якіх выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, што навучаліся за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, не адпрацавалі вызначаны законам тэрмін”. Заяўлена, што “ў кожным канкрэтным выпадку робяцца захады да кампенсацыі выдаткаваных на навучанне сродкаў”.

У адным выпадку паказальны працэс тычыўся выпускніка Брэсцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці, якога ў чэрвені 2024 года накіравалі на працу ў адно з прадпрыемстваў абласнога цэнтра, а ў снежні таго ж года звольнілі за прагулы. Пракуратура звярнулася ў суд, каб спагнаць з яго больш за 7,5 тыс. рублёў, выдаткаваных на навучанне, і 500 рублёў дзяржпошліны.

“У добраахвотным парадку кампенсаваць сродкі, выдаткаваныя на навучанне, адказчык адмовіўся, аплаціўшы толькі 173 рублі. Рашэннем суда Ленінскага раёна г. Брэста іскавыя патрабаванні пракурора задаволеныя ў поўным аб’ёме”, — гаворыцца ў паведамленні.

У іншым выпадку выпускнік таго ж каледжа “не пачаў працаваць паводле размеркавання”. На патрабаванне пракуратуры суд спагнаў з яго выдаткі на навучанне — амаль 11 тыс. рублёў, а таксама дзяржпошліну.

“Судовыя пасяджэнні прайшлі ў выязным фармаце з запрашэннем навучэнцаў каледжа, у якім навучаліся адказчыкі”, — адзначыла пракуратура.

21 ліпеня паведамлялася, што ад пачатку 2025 года суды задаволілі 62 іскі органаў пракуратуры Брэсцкай вобласці аб кампенсацыі выдаткаў на навучанне ў адносінах да выпускнікоў, якія адмовіліся ад працы па размеркаванні. Агульная сума іскаў склала больш за 650 тыс. рублёў.

Згодна з арт. 78 Кодэкса аб адукацыі, спецыяліст (рабочы, службовец), які не прапрацаваў належны тэрмін на падставе размеркавання, абавязаны кампенсаваць у рэспубліканскі і (або) мясцовы бюджэт сродкі, выдаткаваныя дзяржавай на яго падрыхтоўку.

Добраахвотна кампенсаваць выдаткі можна на працягу шасці месяцаў з дня выдання адпаведнага загада.

На сёння адпрацоўка на падставе размеркаванні абавязковая толькі для выпускнікоў ВНУ, каледжаў, прафтэхвучылішчаў, якія навучаліся за кошт бюджэту. Тыя, хто навучаецца праз мэтавае накіраванне ў ВНУ, абавязаныя адпрацаваць на падставе размеркавання 5 і больш гадоў (у залежнасці ад тэрміну, прапісанага ў дагаворы аб падрыхтоўцы спецыяліста), астатнія бюджэтнікі — 2 гады.

Кожны выпускнік пасля размеркавання атрымлівае статус маладога спецыяліста, які дае права на адпачынак пасля заканчэння навучання, на грашовую дапамогу ў памеры стыпендыі, на першачарговае атрыманне арэнднага жылля з камунальнага жыллёвага фонду. Акрамя таго, прадугледжанае частковае грашовае кампенсаванне за арэнду жылля, калі выпускнік адпраўляецца на падставе размеркавання ў населены пункт, дзе не мае месца пражывання.

Магчымасці наймальніка звольніць маладога спецыяліста, перавесці яго на працу, не звязаную з атрыманай спецыяльнасцю, абмежаваныя.

Падзяліцца: