Мінск 15:00

Падатковая адміністрацыя не сачыла за санкцыямі супраць Беларусі і РФ у 2022–2023 гадах — кантрольная палата Польшчы

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

22 верасня, Позірк. Вярхоўная кантрольная палата Польшчы (NIK) раскрытыкавала бяздзейнасць Нацыянальнай падатковай адміністрацыі (КАS) у плане кантролю за санкцыямі ў дачыненні да Беларусі і Расіі ў 2022–2023 гадах.

Негатыўная ацэнка ўтрымліваецца ў справаздачы, якую NIK падрыхтавала па выніках праверкі таго, як КАС выконвала свае абавязкі, “што вынікаюць з закона аб супрацьдзеянні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны, які набыў моц у красавіку 2022 года”.

Згодна з дакументам, у 2022–2023 гадах кіраўнік KAS “не праводзіў мерапрыемстваў, скіраваных на выяўленне суб’ектаў, якія падпадаюць пад санкцыі, прадугледжаныя заканадаўствам ЕС і нацыянальным заканадаўствам”.

У тыя ж гады органы KAS “не праводзілі аналізаў на прадмет уключэння асоб і суб’ектаў у санкцыйны спіс” і “не накіравалі ніводнага адпаведнага запыту міністру ўнутраных спраў і адміністрацыі”. З сакавіка па верасень 2024 года начальнік падатковай адміністрацыі накіраваў 23 запыты пра ўнясенне асоб у санкцыйны спіс, на падставе якіх у 14 выпадках міністр прыняў станоўчае рашэнне.

NIK сцвярджае, што ў 2022 годзе Міністэрства фінансаў Польшчы не накіроўвала запыты ў падатковую адміністрацыю і мытна-падатковыя органы пра “правядзенне паглыбленага аналізу суб’ектаў і пачатак <…> праверак”. Мытна-падатковыя праверкі распачаліся толькі ў трэцім квартале 2023 года (3 праверкі), актывізаваліся ў 2024-м (другі квартал — 15, трэці — 11).

Кантрольная палата канстатавала, што толькі ў 2024 годзе былі ўкаранёныя сістэмныя рашэнні, якія тычацца правядзення аналітычных мерапрыемстваў у галіне датрыманя да санкцый, накладзеных на РФ і Беларусь у сувязі з вайной ва Украіне.

NIK таксама негатыўна ацаніла той факт, што “міністр фінансаў больш за два гады ад таго моманту, як закон аб санкцыях набыў моц, не ўводзіў комплексную мадэль выканання задач, ускладзеных на KAS ў сувязі з кантролем за выкананнем санкцый, уключаючы аналіз і адбор суб’ектаў для ўключэння ў санкцыйны спіс”.

Вярхоўная кантрольная палата адзначыла, што эфектыўнасць органаў KAS у галіне кантролю за перамяшчэннем тавараў, якія падпадаюць пад санкцыі, “была ў значнай ступені абмежаваная, бо адсутнічалі рэальныя інструменты, якія дазваляюць пацвердзіць або выключыць крыніцу паходжання або фактычнае месца прызначэння тавару”.

12 траўня стала вядома, што Мытна-падатковая служба Мазавецкага ваяводства Польшчы пад наглядам Акруговай пракуратуры ў Варшаве распачала расследаванне па фактах мытнага махлярства і злачынстваў, звязаных з парушэннем санкцый Еўрасаюза на імпарт бярозавай фанеры з Беларусі і Расіі.

Раней арганізацыя Earthsigth паведамляла ў сваім расследаванні, што з ліпеня 2022 года, калі Еўрасаюз увёў абмежаванні на імпарт прадукцыі дрэваапрацоўкі з Беларусі і Расіі, па кастрычнік 2024-га ў ЕС закупілі падсанкцыйнай фанеры з гэтых краін на 1,5 млрд еўра.

7 жніўня Беларускае прадпрыемства “ГрандГраніт” было дададзенае ў санкцыйны спіс Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА) Польшчы на запыт кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі (НПА).

22 ліпеня Варшава ўвяла санкцыі ў дачыненні да кіроўнай кампаніі холдынгу “Беларуская цэментная кампанія”.

9 ліпеня стала вядома, што Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да беларускага бізнесмена Аляксандра Машэнскага.

Праз некалькі дзён зарэгістраваная ў Казахстане кампанія QARTREE LLP, за якой стаіць Беларусь, была таксама ўнесеная ў санкцыйны спіс за экспарт расійскай і беларускай фанеры.

Падзяліцца: