Мінск 16:21

Украіна пацвердзіла, што войскі РФ пакінулі Беларусь пасля завяршэння вучэнняў “Захад-2025”

Перад убыццём расійскіх войскаў
Архіўнае фота: прэс-служба Мінабароны

22 верасня, Позірк. Пасля завяршэння вучэнняў “Захад-2025” расійскія войскі вярнуліся на тэрыторыю РФ, заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка 22 верасня ў эфіры тэлемарафона.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць партал nv.ua, пасля завяршэння актыўнай фазы манеўраў, якія праходзілі 12–16 верасня, расійскія войскі “пачалі фармаваць калоны для вяртання на тэрыторыю Расіі” і на гэты час “цалкам пакінулі Беларусь”.

Дземчанка адзначыў, што падчас вучэнняў і пасля іх актыўнасць ля ўкраінскай мяжы зафіксаваная не была.

Разам з тым ён падкрэсліў, што мяжа з Беларуссю застаецца для Украіны прыярытэтным кірункам у плане бяспекі — “на ўзроўні мяжы з Расіяй і лініі фронту”.

21 верасня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што расійскія вайскоўцы, якія бралі ўдзел у сумесных стратэгічных вучэннях “Захад-2025”, пакінулі тэрыторыю Беларусі.

Беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні “Захад-2025” праходзілі 12–16 верасня на палігонах абедзвюх краін, а таксама ў акваторыях Балтыйскага і Баранцава мораў.

“Знаковымі мерапрыемствамі” начальнік Генеральнага штаба Павел Муравейка назваў “планаванне і разгляд выкарыстання нестратэгічнай ядзернай зброі”, а таксама “ацэнку і разгортванне ракетнага рухомага комплексу “Арэшнік”.

15 верасня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заяўляў, што ў вучэннях “Захад-2025” удзельнічае 6 тыс. беларускіх вайскоўцаў і 1 тыс. расіян.

Падзяліцца: