Мінск 12:24

МАРГ справаздачыўся аб прадухіленні рэалізацыі “больш за 240 забароненых касметычных сродкаў маркі “Nivea”

24 верасня, Позірк. Аб прадухіленні рэалізацыі ” больш за 240 забароненых касметычных сродкаў гандлёвай маркі “Nivea” паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).

Адзначаецца, што парушэнні ўстаноўленыя ў 17 суб’ектаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць на Цэнтральным рынку Гродна, Гомельскім Цэнтральным рынку, рынках “Давыдаўскі”, “Прудкоўскі” (абодва — Гомель), адкрытым рынку ГЦ “Экспабел” і рынку “Новы Лебядзіны” абодва — Мінскі раён).

“Суб’ектам выдадзеныя патрабаванні аб забароне рэалізацыі забароненай прадукцыі”, — адзначыў МАРГ.

Дзеянне “спецыяльных мер” у дачыненні да прадукцыі шэрагу еўрапейскіх вытворцаў падоўжанае да 31 снежня 2025 года пастановай Савета міністраў ад 20 снежня 2024-га.

Контрсанкцыі, першапачаткова ўведзеныя на паўгода 23 красавіка 2021 года, падаўжаліся 2 лістапада 2021-га, 4 траўня і 3 лістапада 2022-га, 2 траўня і 30 кастрычніка 2023-га.

Да канца 2025 года ў Беларусі забаронены гандаль таварамі груп кампаній Liqui Moly, Škoda Auto і Beiersdorf (гандлёвыя маркі Nivea, Eucerin, La Prairie, Labello, Hansaplast, Florena, 8×4, Skin Stories, Gammon, Tesa, Chaul, Coppertone, Hidrofugal, Stop the water while using me).

Разам з тым урад сваёй апошняй пастановай увёў шэраг выключэнняў. На працягу 2025 года забарона не будзе распаўсюджвацца на тавары гэтых кампаній, якія ўвозяць фізічныя асобы, якія перасяліліся ў Беларусь для пастаяннага пражывання або маюць намер гэта зрабіць, а таксама асобы, якія атрымалі статус уцекача.

“Спецыяльныя меры” супраць вышэйзгаданых кампаній улады ў Мінску ўвялі “для забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў, з улікам недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа”.

Гэтыя кампаніі заявілі, што не будуць спансіраваць чэмпіянат свету па хакеі 2021 года, які планавалася правесці ў Мінску і Рызе, калі Беларусь застанецца прымаючым бокам. У выніку ўсім турнірам займалася Латвія.

Падзяліцца: