Мінск 12:00

Рыжанкоў у ААН абвінаваціў Захад у “стварэнні ўзброеных канфліктаў, правакаванні каляровых рэвалюцый, распальванні пажару вайны”

Фота: сайт ААН

25 верасня, Позірк. З шэрагам абвінавачванняў на адрас краін Захаду выступіў 25 верасня ў Нью-Ёрку міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, вынікае з апублікаванай на сайце МЗС стэнаграмы яго прамовы на адным з самітаў Генеральнай асамблеі ААН.

Паводле слоў Рыжанкова, “у апошнія тры дзесяцігоддзі краіны Захаду рабілі ўсё магчымае для ўмацавання сваёй гегемоніі і дамінавання за кошт ушчамлення інтарэсаў краін глабальнай большасці”.

“Канкрэтнай праявай адпаведных дзеянняў” міністр назваў “стварэнне ўзброеных канфліктаў, правакаванне каляровых рэвалюцый і распальванне пажару вайны ў шэрагу рэгіёнаў свету”.

У такой сітуацыі, паводле сцвярджэння кіраўніка знешнепалітычнага ведамства, “неабходна спыніць і павярнуць назад негатыўныя тэндэнцыі ў глабальнай палітыцы”.

“Важным у гэтых адносінах бачым арганізацыю глабальнага дыялогу па бяспецы ў праўдзівым духу Сан-Францыска, аб неабходнасці якога Беларусь заявіла яшчэ ў 2017 годзе. Раней ці пазней такі дыялог пачнецца — само жыццё прымусіць!” — сказаў дакладчык.

Ён звярнуў увагу на “фрагментацыю глабальнай эканомікі”, вызначыўшы яе як “непазбежны вынік эгаістычнай палітыкі краін Захаду, якія падрываюць устаноўлены парадак дзейнасці міжнародных эканамічных інстытутаў”.

“Цалкам ясна, што гэтая “глабалісцкая” сістэма не здольная працаваць у інтарэсах сусветнага развіцця. Такое разуменне ў сваю чаргу выклікае неабходнасць стварэння новай справядлівай шматбаковай архітэктуры развіцця. Ядро гэтай новай структуры сёння актыўна прабіваецца праз рэгіянальныя аб’яднанні ШАС, АСЕАН, ЕАЭС, ЛАГ, а таксама міжнародныя структуры, такія, як БРІКС, якія не звязаныя з западнай эканамічнай мадэллю”, — адзначыў Рыжанкоў.

“Трэцяе — у фінансавым плане, — дадаў ён. — Міжнародныя абавязацельствы ў дапамозе на развіццё не павінны залежаць ад палітычных пераваг краін-донараў. Пры гэтым павінны быць ліквідаваныя ўсе знешнія перашкоды, якія стрымліваюць фінансавую ўстойлівасць дзяржаў на нацыянальным узроўні”.

Рыжанкоў традыцыйна асудзіў “незаконныя санкцыі”, а таксама “гандлёвыя і валютныя войны, вар’яцкія тарыфы, фінансавыя канфіскацыі, абмежаванні ў доступе да інавацый і інвестыцый”. Усе гэтыя з’явы, паводле яго слоў, “зніжаюць фінансавы патэнцыял дзяржаў”.

Генасамблея ААН праходзіць 23–29 верасня. Акрамя дэлегацыі Мінска, у ёй удзельнічае дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Падзяліцца: