Мінск 15:02

BelPol ацэньвае рэальную колькасць палітвязняў у мінімум 5,5 тыс.

Вольга Зазулінская і Мацвей Купрэйчык
Фота: "Позірк"

27 верасня, Позірк. Арганізацыя былых сілавікоў BelPol ацэньвае рэальную колькасць палітвязняў у мінімум 5,5 тысячы чалавек, вынікае са слоў яе прадстаўніка Мацвея Купрэйчыка на II Кангрэсе па палітвязнях у Беларусі #WithoutJustCause 26 верасня ў Варшаве.

Паводле яго, арганізацыя сярод іншага займаецца “верыфікацыяй палітвязняў, якія выходзяць і знаходзяцца [у месцах пазбаўлення волі]”.

“Мы дапамагаем праваабаронцам, скажам так, прабіваем людзей, устанаўленнем персанальных даных, — сказаў Купрэйчык. — Таму што часта бываюць вельмі ўрыўкавыя звесткі, якія прыходзяць з так званых беларускіх судоў — аб тым, хто затрыманы або каго асудзілі і ўжо пасадзілі ў месцы зняволення”.

На 25 верасня праваабаронцы прызнавалі палітвязнямі 1.192 чалавекі, нагадаў спікер.

“Да гэтага было 1.3 тыс. Насамрэч, праблема такая, што людзей рэальна, якія знаходзяцца ў месцах зняволення, якія рэпрэсаваныя, па нашых мінімальных падліках, больш за 5,5 тысяч, — заявіў прадстаўнік BelPol. — Што мы будзем рабіць з гэтай розніцай? У нашай арганізацыі да гэтага моманту вельмі вялікае пытанне”.

Купрэйчык таксама раскрытыкаваў практыку незаконнай дэпартацыі палітвязняў: “Калі людзей незаконна выкідваюць з краіны, я не назваў бы гэта вызваленнем. Так, гэта важна, што людзі трапляюць у іншую краіну. <…> Але, як мы бачым, Мікола Статкевіч вярнуўся ў краіну. У яго няма нічога: ні амністыі, ні акта памілавання. Яго зноў забралі ў месцы зняволення”.

Ён звярнуў увагу на адсутнасць дакументаў у тых, каго вывозяць такім чынам за мяжу: “[Гэта] не падобна на гуманітарнае вызваленне”.

“Цягам трох-пяці гадоў, мы лічым, будзе вялікая вайна, — сказаў прадстаўнік BelPol. — Мы гэта гаворым прама і гаворым адкрыта. Калі яна сапраўды здарыцца, праз тры-пяць гадоў нікому не будзе справы да таго, колькі ў Беларусі палітвязняў, што з імі адбываецца”.

“Калі мы пачынаем заводзіць наратыў аб тым, што трэба нейкія санкцыі здымаць, трэба пераставаць ціснуць на рэжым, у такім выпадку <…> мы робім усё магчымае, каб рэжым заставаўся”, — лічыць ён.

Купрэйчык выказаў меркаванне, што ўзровень рэпрэсій у Беларусі будзе толькі расці.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская таксама прызнала разыходжанне ў колькасці прызнаных палітвязнямі з рэальнай сітуацыяй. Паводле яе слоў, пра гэта размова ішла на сустрэчы з часткай нядаўна вызваленых і вывезеных за мяжу беларусаў.

“Паводле сведчанняў гэтых людзей, у калоніях, дзе, паводле падлікаў праваабаронцаў, ёсць 52-54 палітвязні (я зараз прыкладныя лічбы буду называць), знаходзіцца больш за 200 [рэальна асуджаных паводле палітычных матываў]. Мы ўсе ведаем, як адзначаюць гэтых людзей — жоўтыя біркі”, — сказала яна.

Падзяліцца: