Мінск 17:52

Іванец: Выкарыстанне дзецьмі планшэтаў можа быць нашмат болш шкодна, чым партфель з падручнікамі прынесці і ўнесці са школы

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

29 верасня, Позірк. Міністр адукацыі Андрэй Іванец на прэс-канферэнцыі ў Мінску 29 верасня параўнаў несупастаўную шкоду ад нашэння школьнікамі цяжкага заплечніка з падручнікамі з нагрузкай на зрок падчас карыстання на ўроках планшэтам.

“Калі бацькі вельмі моцна непакояцца пра цяжкія заплечнікі сваіх школьнікаў, то бацькі павінны не забываць пра тое, што 6–7 урокаў сядзець у планшэце, у электроннай кнізе для зроку можа быць нашмат больш шкодна, чым партфель з падручнікамі прынесці і ўнесці са школы”, — сказаў чыноўнік.

Ён падкрэсліў, што існуе створаны ведамствам сумесна з Міністэрствам аховы здароўя спіс захворванняў у школьнікаў, згодна з якім дапускаецца выкарыстанне дзецьмі альбо электронных кніг, альбо планшэтаў у школе.

“Але пры гэтым хачу звярнуць на вельмі важны аспект увагу — час выкарыстання адпаведных электронных прылад рэгламентаваны санітарнымі нормамі і правіламі. Таму тут хацелася б, каб бацькі комплексна і аб’ектыўна глядзелі і клапаціліся пра здароўе сваіх дзяцей. Што тычыцца кантролю (за выкарыстаннем дзецьмі электронных прылад і тэлефонаў. — “Позірк”.), ніхто яго не выконвае, таму што школа ў нас — тэрыторыя даверу, тэрыторыя камфорту. І, безумоўна, калі навучэнец не парушае гэтыя правілы, ніхто не будзе яго ні кантраляваць, ні прымяняць нейкія дадатковыя меры. Мы абсалютна тут па-сяброўску, камфортна да гэтага падыходзім і ўпэўненыя, што і навучэнцы, і бацькі з’яўляюцца добрасумленнымі ўдзельнікамі нашага адукацыйнага працэсу”, — сказаў Іванец.

Спікерам на прэс-канферэнцыі было зададзена пытанне, чаму б не дазволіць дзецям насіць адзін падручнік на дваіх з суседам, калі падручнікі вельмі цяжкія. Паводле слоў старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыны Ільіной, большасць школьнікаў так і робяць.

“Гэта як раз і пра сяброўства з суседам па парце, пра давер, пра тое, што сусед не забудзе падручнік, якога ў цябе з сабой няма. У многіх школах, дзе ёсць лішні камплект падручнікаў, ён ёсць у кабінеце. Гэта ўся справа канкрэтнай установы адукацыі і канкрэтных рабят, якія дамаўляюцца паміж сабой. Гэта не праблема, якая ёсць на сёння”, — удакладніла Ільіна.

Да вучняў, якія “пранясуць мабільныя тэлефоны на ўрокі”, не будуць прымяняцца меры пакарання, заявіла на прэс-канферэнцыі ў Мінску 28 жніўня намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.

Адзначым, што актуальнасць выкарыстання планшэтаў у ліку іншага звязаная з магчымасцю запампаваць у яго электронныя версіі падручнікаў. Такім чынам, адпала б неабходнасць насіць падручнікі ў школу.

1 верасня ўступіла ў сілу пастанова Мінадукацыі № 136 “Аб змяненні пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 3 жніўня 2022 г. № 227”. Дакумент сярод іншага накіраваны на абмежаванне выкарыстання прылад мабільнай сувязі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

Пастанова ўносіць змены ў Правілы бяспекі арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. З новага навучальнага года мабільныя прылады вучні будуць здаваць у спецыяльныя камеры захоўвання перад пачаткам заняткаў, забраць тэлефоны будзе можна пасля ўрокаў.

Раней дзяржаўнае выданне “Мінская праўда” паведамляла, што ў выпадку, калі ў вучня знойдуць тэлефон падчас урока, ён павінен будзе напісаць тлумачальную, а “пры паўторным парушэнні будзе накладзена спагнанне”.

Як удакладніў тэлеграм-канал “Настаўнікі сталіцы”, “у выпадку аднаразовага парушэння правілаў карыстання прыладамі мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) навучэнец павінен напісаць тлумачальную запіску з указаннем прычыны парушэння”. Класны кіраўнік ці настаўнік робіць вучню запіс у дзённік.

“Пры паўторным факце парушэння правілаў карыстання прыладамі мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) ажыццяўляецца канфіскацыя тэлефона ў навучэнца. Ва ўстанову адукацыі запрашаюцца бацькі (законныя прадстаўнікі), і пасля гутаркі з дырэктарам (членам адміністрацыі) ім вяртаецца прылада мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі). На навучэнца накладаецца спагнанне, вызначанае дырэктарам установы адукацыі”, — гаварылася ў паведамленні канала.

Забарона на выкарыстанне сродкаў мабільнай сувязі закране не толькі вучняў, але і настаўнікаў. Пры гэтым у дакуменце не канкрэтызуецца, дзе будуць захоўваць свае тэлефоны выкладчыкі, тады як алгарытм захоўвання для вучняў распісаны падрабязна.

Гл. таксама:

Абанент часова недаступны. 1 верасня ў школах уводзіцца забарона на выкарыстанне мабільных тэлефонаў вучнямі і настаўнікамі

Падзяліцца: