Мінск 12:39

Эксперты ААН заклікалі не абмяжоўваць асуджаных у Беларусі за “экстрэмізм” жанчын у зносінах з дзецьмі

Ілюстрацыйнае фота: Brett Jordan / unsplash.com

1 кастрычніка, Позірк. Зняць “неабгрунтаваныя абмежаванні на зносіны з дзецьмі”, накладзеныя на жанчын, што пазбаўленыя волі паводле “сумніўных абвінавачванняў у экстрэмізме”, заклікала беларускія ўлады група экспертаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

У заяве, апублікаванай на сайце Савета ААН па правах чалавека (СПЧ), адзначаецца, што правілы арганізацыі, якія тычацца абыходжання з жанчынамі-вязнямі (Бангкокскія правілы) “патрабуюць спрыяць зносінам паміж імі і іх дзецьмі, у тым ліку праз прадастаўленне адпачынкаў дадому і замены турэмнага зняволення на не звязаныя з пазбаўленнем волі”.

Эксперты нагадалі, што беларускае заканадаўства і правапрымяняльная практыка аб барацьбе з экстрэмізмам лічацца несумяшчальнымі з міжнародным правам у галіне правоў чалавека. Аўтары дакумента выказалі шкадаванне ў сувязі з тым, што людзі па-ранейшаму “трапляюць пад затрыманні” на падставе заканадаўства аб “барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам”, нягледзячы на ​​”шматразовыя заклікі да ўладаў Беларусі прывесці” яго “у адпаведнасць з міжнародным правам”.

“Маюцца сур’ёзныя падставы меркаваць, што шэраг жанчын, пазбаўленых волі паводле абвінавачанняў у экстрэмізме, зазналі адвольнае пазбаўленне волі, — заявілі эксперты. — Улады павінны неадкладна ліквідаваць злоўжыванні — шляхам незалежных праверак падстаў для пазбаўлення волі ў такіх выпадках, а таксама вызваленняў”.

Дакумент падпісалі спецдакладчыкі ААН — Нілс Муйжніекс (аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі), Бэн Сол (аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод пры барацьбе з тэрарызмам), Эліс Джыл Эдвардс (па пытаннях катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання); члены Працоўнай групы па дыскрымінацыі жанчын і дзяўчынак — Клаўдыя Флорэс, Івана Крсціч, Дораці Эстрада Танк, Хайна Лу і Лаура Нірынкіндзі, а таксама Працоўнай групы па адвольных затрыманнях — Ганна Юдкіўска, Мэцью Гілет, Мірыям Эстрада Кастылья, Мумба Маліля.

Падзяліцца: