Мінск 18:47

КДК далажыў ураду аб нізкіх тэмпах восеньскіх сельгасработ, сярод прычын — недахоп механізатараў, паломкі тэхнікі

Фота: pixabay.com

3 кастрычніка, Позірк. Шэраг негатыўных з’яў зафіксаваў Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) па выніках праведзенага ў першай палове верасня маніторынгу ходу восеньскіх работ у сельскагаспадарчых арганізацыях.

Выяўленыя недахопы выклаў у службовым лісце ўраду намеснік старшыні КДК Станіслаў Наркевіч. Копію дакумента ад 18 верасня 2025 года прадаставіла “Позірку” аб’яднанне BelPol.

З ліста вынікае, што супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю праверылі 38 сельгаспрадпрыемстваў. У выніку камітэт прыйшоў да высновы: “Стан спраў на месцах паказвае, што з боку мясцовых органаў улады і асобных сельскагаспадарчых арганізацый аслаблены кантроль за правядзеннем палявых работ. У выніку на сённяшні дзень горш за мінулы год вядзецца падрыхтоўка глебы і сяўба азімых збожжавых культур, уборка кукурузы на сілас, пад’ём ільнотрасты, уборка саломы збожжавых і зернебабовых культур і інш”.

Адзначаецца, што на 18 верасня азімыя збожжавыя былі пасеяны ў гаспадарках на 499,8 тыс. га (33% ад плана), або на 89% да аналагічнай даты мінулага года. “Пры існуючых тэмпах сяўбы на яе завяршэнне ў сярэднім па краіне спатрэбіцца яшчэ больш за 23 дні, а ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях — больш за 30 дзён, што не дазволіць правесці сяўбу азімых збожжавых культур у аптымальныя тэрміны (у паўночных рэгіёнах да 25 верасня, а ў паўднёвых — да 5 кастрычніка)”, — паведамляе Наркевіч.

Сітуацыю, якая склалася, ён тлумачыць “прастоямі тэхнікі <…> праз недахоп механізатараў, а таксама яе няспраўнасцю”.

Факты негатоўнасці тэхнікі да палявых работ КДК выявіў у 10 правераных арганізацыях, адсутнасць механізатараў — у трох.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: