Мінск 11:27

Жыхар Кобрына пагражаў падлеткам пнеўматычным пісталетам, распачатая крымінальная справа

Фота: прэс-служба СК

7 кастрычніка, Позірк. У дачыненні да 22-гадовага жыхара Кобрына (Брэсцкая вобласць), які пагражаў непаўналетнім, узбуджаная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства), паведаміла 7 кастрычніка прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле звестак ведамства, вечарам 4 кастрычніка малады чалавек падышоў да двух 14-гадовых падлеткаў, якія “дэманстравалі адзін аднаму элементы барацьбы”, і стаў патрабаваць “прымяніць прыёмы да яго”.

“Сутыкнуўшыся з адмовай, падазраваны прыставіў да галавы аднаго са школьнікаў пнеўматычны пісталет, — гаворыцца ў паведамленні. — Для пацверджання сур’ёзнасці намераў ён зрабіў стрэл у бок, а затым ударыў нагой другога падлетка, спрабуючы справакаваць канфлікт. Аднак падлеткі не паддаліся на правакацыі і ўцяклі”.

Падлеткі паведамілі пра здарэнне сваім бацькам, а тыя звярнуліся ў міліцыю. Неўзабаве пасля гэтага падазраваны быў затрыманы. Падчас асабістага вобшуку “выняты пнеўматычны пісталет і кулі”.

Пакаранне, прадугледжанае артыкулам, паводле якога распачатая справа, — ад 3 да 5 гадоў абмежавання волі або ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: