Мінск 17:59

Кіраўнік Мінсувязі: Галасавы роўмінг у Расіі ніхто не адмяняў

Фота: pixabay.com

7 кастрычніка, Позірк. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі “назірае” за сітуацыяй у сувязі з увядзеннем у Расіі абавязковай 24-гадзіннай блакіроўкі паслуг перадачы даных і СМС для ўсіх абанентаў у роўмінгу, паведаміў 7 кастрычніка кіраўнік ведамства Кірыл Залескі.

Паводле яго слоў, міністэрства “знаходзіцца ў пастаянным кантакце з расійскімі калегамі”. “У выпадку з’яўлення новай інфармацыі абавязкова будзем інфармаваць”, — прыводзіць словы чыноўніка прэс-служба Мінсувязі.

Разам з тым, падкрэсліў Залескі, “галасавая сувязь у роўмінгу застаецца, і на яе працягваюць дзейнічаць тыя камфортныя тарыфы, якія былі ўстаноўлены ў рамках Саюзнай дзяржавы”.

“Сёння трэба разумець, што галасавы роўмінг у любым выпадку працуе: тыя 150 бясплатных хвілін уваходных званкоў (далей 11 капеек за хвіліну) і 150 бясплатных хвілін на выходныя званкі на беларускія нумары ў рамках хатняга тарыфу (далей 22–27 капеек за хвіліну) ніхто не адмяняў”, — заявіў ён.

Напярэдадні беларускія аператары мабільнай сувязі паведамілі пра новаўвядзенні, якія прыняў расійскі бок.

Як гаворыцца ў паведамленні кампаніі А1, “блакіроўка аўтаматычна прымяняецца з моманту першай рэгістрацыі ў сетцы расійскіх аператараў і дзейнічае на працягу 24 гадзін, пасля чаго здымаецца”.

Акрамя таго, пры адсутнасці актыўнасці па зарэгістраванай у сетцы SIM-карце на працягу трох дзён пасля зняцця блакіроўкі яна “будзе прымяняцца зноў на 24-гадзінны перыяд да з’яўлення актыўнасці”.

Паводле сцвярджэння А1, аператар не быў загадзя праінфармаваны пра гэтыя змены. У сувязі з гэтым кампанія просіць усіх сваіх абанентаў, якія накіроўваюцца або знаходзяцца ў Расіі, “мець на ўвазе ўведзеныя абмежаванні і па магчымасці карыстацца Wi-Fi-сеткамі для перадачы даных”.

Раней Мінсувязі тлумачыла, што з 1 сакавіка 2025 года сувязь для абанентаў Расіі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы “стала яшчэ больш камфортнай і выгаднай”.

“У роўмінгу на тэрыторыі РФ беларускі абанент атрымлівае: да 150 бясплатных хвілін уваходных званкоў; калі ў вашым хатнім тарыфе ёсць такая опцыя, як выходныя бясплатныя хвіліны званкоў у іншыя сеткі, то да 150 бясплатных хвілін на выходныя званкі на беларускія нумары; калі ліміт бясплатных званкоў выбраны, кожная хвіліна выходных званкоў будзе каштаваць 22–27 капеек (кошт залежыць ад аператара), уваходных — 11 капеек. Да 5 Гб мабільнага інтэрнэт-трафіку па тарыфах, супастаўных з тарыфамі ў хатняй сетцы — да 5 беларускіх рублёў за 1 Гб. Каб скарыстацца роўмінгам, праверце, ці падключаныя ў вас паслугі “Роўмінг” і “Перадача даных””, — адзначала ведамства.

Рэзалюцыя пра адмену роўмінгу была прынята 30 чэрвеня 2017 года. У 2023 годзе расійскі бок паведамляў пра намер краін адмяніць роўмінг з 1 красавіка, але ў той дзень была адменена толькі аплата ўваходных званкоў.

Пра планаваную адмену роўмінгу на тэрыторыі СД заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 24 траўня 2024 года пасля перамоў у Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам.

Падзяліцца: