Мінск 14:02

Пінскі журналіст Нікалаевіч выйшаў на волю, адбыўшы тэрмін па палітычна матываванай справе

Фота: "Медыя-Палессе"

14 кастрычніка, Позірк. На волю па заканчэнні тэрміну пакарання выйшаў журналіст Яўген Нікалаевіч, паведамляе выданне “Медыя-Палессе”.

Суд Пінскага раёна і горада Пінска (Брэсцкая вобласць) у кастрычніку 2024 года прызнаў журналіста вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У 2020 годзе Нікалаевіч у якасці відэакарэспандэнта “Медыя-Палессе” асвятляў пратэсты ў Пінску супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Журналіст не прымаў непасрэднага ўдзелу ў пратэстах: ён вёў фота- і відэаздымку паводле рэдакцыйнага задання.

10 жніўня 2020 года пры выкананні прафесійных абавязкаў Нікалаевіч быў затрыманы і збіты, пазней вызвалены.

30 жніўня 2020 года яго зноў затрымалі і падвергнулі пераследу ў адміністрацыйным парадку.

У лістападзе таго ж года Нікалаевіча зноў выклікалі ў міліцыю, яго затрымалі для адбыцця прызначанага раней адміністрацыйнага арышту.

Адбыўшы яго, журналіст пакінуў Беларусь. У 2024 годзе Нікалаевіч вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы. Калі менавіта гэта адбылося, невядома.

6 снежня імя Нікалаевіча з’явілася ў спісе асоб, якія маюць дачыненне, на думку МУС, да “экстрэмісцкай дзейнасці”. Ён быў прызнаны палітвязнем.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у турме цяпер знаходзіцца 30 работнікаў СМІ.

Падзяліцца: