Мінск 16:00

Продажы “БелДжы” на расійскім рынку за дзевяць месяцаў выраслі на 61% — верагодна, дзякуючы дэмпінгу

Фота: сайт "БелДжы"

14 кастрычніка, Позірк. Беларуска-кітайскі вытворца “БелДжы” (BelGee) у верасні 2025 года прадаў на расійскім рынку 8.347 новых аўтамабіляў — у 2,3 раза больш, чым за той жа месяц 2024-га (3.659), сведчыць праведзены “Позіркам аналіз звестак кансалтынгавай кампаніі “АСМ-холдынг” (РФ).

У справаздачным месяцы “БелДжы” заняў 4-е месца (годам раней — 8-е) сярод усіх прадстаўленых у РФ марак гэтага сегмента аўтарынка, доля рынку склала 6,9% (2,5%).

За дзевяць месяцаў гэтага года рэалізавана 40.519 аўтамабіляў беларуска-кітайскага брэнда (25.098; +61,4%).

Павелічэнне продажаў, хутчэй за ўсё, звязанае з коштавай палітыкай прадпрыемства. Раней расійскія спецыялізаваныя медыя паведамлялі, што “БелДжы” актыўна дэмпінгуе на рынку легкавых аўтамабіляў РФ, прапаноўваючы зніжкі.

Адзначалася, што, напрыклад, на кросовер Belgee X70 зніжкі ў залежнасці ад камплектацыі даходзяць да 410 тыс. расійскіх рублёў (каля 5,3 тыс. долараў паводле актуальнага курсу).

Раней генеральны дырэктар“ БелДжы ” Генадзь Свідзерскі паведамляў, што акцыянеры паставілі задачу заняць першае месца на ўнутраным рынку Беларусі і актыўна змагацца за другую пазіцыю ў Расіі.

За 2024 год на рынку РФ рэалізавана 34.775 аўтамабіляў гэтага вытворцы, што забяспечыла яму 9-е месца і долю 2,2%.

Продажы “БелДжы” ў Расіі пачаліся ў верасні 2023 года. У першы месяц было рэалізавана 19 аўтамабіляў.

Першапачаткова прадавалася толькі адна мадэль — красовер X50, створаны на аснове Geely Coolray. Беларуская аўтамабільная асацыяцыя прызнала гэты аўтамабіль лепшым у 2023 годзе ў катэгорыі SUV (ад англ. sport utility vehicle — “спартыўна-утылітарны аўтамабіль”).

24 ліпеня 2024 года брэнд абвясціў пра старт продажаў у дылерскіх цэнтрах РФ універсальнага сярэднепамернага красовера X70 (даступны як з пярэднім, так і з поўным прывадам, а таксама сістэмай “мяккага” гібрыда).

З канца верасня расіянам даступны седан S50, які, як адзначаюць эксперты рынку, прадаецца ў РФ ад 1,85 млн расійскіх рублёў (каля 22,9 тыс. долараў). Для параўнання, цэны на аналаг — ад Geely Emgrand пачынаюцца з 2,18 млн (27 тыс. долараў).

Завод “БелДжы” быў адкрыты 17 лістапада 2017 года ў Барысаўскім раёне (Мінская вобласць). Цяпер яго акцыянерамі з’яўляюцца Рэспубліка Беларусь і кітайскія кампаніі Zhejiang Jirun Automobile, CITICC International Investment Limited, Shenzhen Shentou Investment.

Падзяліцца: