Мінск 13:43

Дзяржпагранкамітэт Беларусі і ФСБ Расіі плануюць супрацоўнічаць у галіне меддапамогі і санаторнага лячэння

Беларускі санаторый "Радон"
Ілюстрацыйнае фота: 103.by

16 кастрычніка, Позірк. Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі і Федэральная служба бяспекі Расіі рыхтуюцца падпісаць пратакол аб “супрацы і ўзаемадзеянні <…> ў арганізацыі аказання медыцынскай дапамогі і санаторна-курортнага лячэння (аздараўлення)”.

Савет міністраў пастановай № 566 ад 15 кастрычніка пагадзіўся з адпаведнай прапановай пагранічнага ведамства. З дакумента, апублікаванага 16 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале, вынікае, што падпісанне ўжо ўзгодненае з шэрагам беларускіх міністэрстваў — замежных спраў, аховы здароўя, а таксама юстыцыі.

Тэкст пратакола не прыводзіцца.

На пачатку кастрычніка расійскі рэгіянальны партал online47.ru паведаміў, што ўлады Ленінградскай вобласці РФ і Беларусі дамовіліся стварыць пастаянную праграму “рэабілітацыі байцоў СВА” (тэрмінам “спецыяльная ваенная аперацыя” расійскія, а ўслед за імі і беларускія ўлады і прапагандысты называюць поўнамаштабную агрэсію РФ супраць Украіны).

Дамоўленасць была дасягнутая падчас візіту ў Беларусь дырэктара Усяволажскага мультыцэнтра сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі Ірыны Драздзенка.

Як паведамлялася, Драздзенка наведала “санаторна-курортныя і рэабілітацыйныя ўстановы Мінскай вобласці”, дзе “азнаёмілася з іх магчымасцямі ў сферы лячэння, аднаўлення і аздараўлення ўдзельнікаў “спецаперацыі” з Ленінградскай вобласці, а таксама іх сем’яў”.

“У рамках паездкі Ірына Драздзенка правяла сустрэчу з кіраўніцтвам выканаўчага камітэта Магілёўскай вобласці. Бакі абмеркавалі перспектывы мэтавага накіравання і прыёму жыхароў Ленінградскай вобласці, якія маюць патрэбу ў медыцынскай і аднаўленчай дапамозе. У прыватнасці, гаворка пра байцоў СВА ды іх родных”, — гаварылася ў публікацыі.

Па выніках перагавораў, як было заяўлена, прынятае рашэнне “сумесна з камітэтам па сацыяльнай абароне Ленінградскай вобласці распрацаваць і перадаць беларускаму боку ўмовы і патрабаванні для запуску пастаяннай праграмы рэабілітацыі”.

“Плануецца, што кожны год у рамках гэтай ініцыятывы ў Беларусі змогуць праходзіць лячэнне і аздараўленне не менш як 800 чалавек з ліку ўдзельнікаў СВА ды іх сем’яў”, — адзначаў партал.

Падкрэслівалася, што ініцыятыву ўхваліў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў.

30 верасня аб’яднанне BelPol паведаміла, што санаторый “Беларусь” у Сочы (РФ), які належыць Кіраўніцтву справамі Аляксандра Лукашэнкі, “даўно і рэгулярна” абслугоўвае расійскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны.

24 лютага 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: