Мінск 16:23

Тры з пяці ключавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2025 год не выконваюцца — Лукашэнка

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

16 кастрычніка, Позірк. Пра “неадназначнасць” сітуацыі ў беларускай эканоміцы заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 кастрычніка на нарадзе па праектах прагнозных дакументаў на 2026 год.

“Пакуль карціна неадназначная, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — З аднаго боку, маецца відавочны вынік: стабільна растуць рэальны заробак, агульныя даходы насельніцтва. Двойчы сёлета атрымалася падняць пенсіі. Маем моцную нацыянальную валюту. Рэкордна павялічваюцца золатавалютныя рэзервы (але ўжо нават лібералы задаюць пытанне, ці трэба нам гэта ў такім аб’ёме і чаму мы пры такім дэфіцыце валюты, грашовых сродкаў замарожваем добраахвотна існыя ў нас рэзервы)”.

“З іншага боку, ёсць наяўны спад у шэрагу традыцыйных галін. Тры з пяці важнейшых параметраў прагнозу на гэты год не выконваюцца — пакуль”, — дадаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, маюцца пытанні да вынікаў працы аграрнага сектара, у якім паводле тэмпаў росту пакуль не атрымалася наблізіцца да ўзроўню 2024 года (-1%).

Разам з тым палітык перакананы, што да канца года “паказчык вырасце”, бо “тэрміны вегетацыі раслін і, адпаведна, уборачнай кампаніі зрушыліся”.

“Хачу папярэдзіць: любое найменшае невыкананне не толькі маіх даручэнняў, а нашых дамоўленасцяў і рашэнняў будзе карацца вельмі жорсткім чынам. А то мы збіраемся, усюды на ўсіх узроўнях крычым пра тэхналагічную і працоўную дысцыпліну. А самі?” — звярнуўся ён да ўдзельнікаў нарады.

Сярод недахопаў таксама названае “прасяданне прамвытворчасці” (-0,8%). Лукашэнка звярнуў увагу, што пагаршэнне дынамікі працы прампрадпрыемстваў назіраецца “з першага квартала”.

Кажучы пра экспарт тавараў, спікер канстатаваў, што “недаатрымана мінімум каля 650 млн долараў”. “Губляем там, дзе, здавалася б, павінны зарабляць, — на нашых флагманскіх таварах: трактарах, камбайнах, фарбах, шынах, харчовым масле. У выніку вырабленая прадукцыя асядае на складах, узровень запасаў пяты месяц не апускаецца ніжэй за 80%. Як вынік, сальда знешняга гандлю застаецца ўстойліва адмоўным”, — адзначыў ён.

Рост інвестыцый палітык назваў “пакуль далёкім нават ад простага падтрымання канкурэнтаздольнасці эканомікі”.

Лукашэнка анансаваў нараду, дзе будзе больш падрабязна абмеркаваная цяперашняя сітуацыя ў эканоміцы. Сустрэча запланаваная на канец кастрычніка — пачатак лістапада.

“Хутка вывучым, як наша ўрадавая вертыкаль займаецца ўстойлівым развіццём эканомікі. Паўтараю: да канца года яшчэ цэлы квартал. І спыніце стогны, што ўрад новы ў нас (які новы?) і працуе нібыта няпоўны год, таму, быццам бы, гэта не вашыя промахі і касякі. Гэта проста несалідна ў цяперашнім становішчы, не па-мужчынску”, — падкрэсліў ён.

Наконт прагнозных паказчыкаў на 2026 год Лукашэнка заявіў, што “патрэбны рэалістычны, але напружаны сцэнарый”.

“Нехта прапануе [рост ВУП на] 3–3,5% — калі ласка. Дзе, за кошт чаго і як сам запрэжацца ў падвышэнне гэтай дынамікі. Калі нехта [прапануе] ніжэй — няхай растлумачыць, як гэта будзе ўспрынята нашым грамадствам і як будзе жыць Беларусь”, — заявіў палітык.

Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што “расійская эканоміка сціскаецца”: “І ўвогуле не ўлічваць гэтую сітуацыю нельга, бо каля 67% экспарту і 56% імпарту прыпадае на Расію”.

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў студзені — жніўні 2025 года выраслі на 10% да таго ж перыяду 2024-га.

У студзені рост складаў 13,8%, студзені — лютым — 12,5%, студзені — сакавіку — 12%, студзені — красавіку — 10,8%, студзені — траўні — 10,5%, студзені — чэрвені — 10,2%, студзені — ліпені — 10%.

Прамысловая вытворчасць у студзені — верасні ў наяўных цэнах склала 154,4 млрд рублёў — на 0,8% менш, чым за аналагічны перыяд 2024-га.

Вытворчасць прадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый (сельгасарганізацый, фермерскіх, насельніцтва) у студзені — верасні 2025 года ў наяўных цэнах склала 29,3 млрд рублёў — у супастаўных цэнах на 1% менш, чым за аналагічны перыяд 2024-га, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Міжнародны валютны фонд у кастрычніцкім прагнозе пагоршыў прагноз па росце беларускай эканомікі ў 2025 годзе. На думку аналітыкаў, ВУП па выніках 2025 года вырасце на 2,1%, 2026-га — на 1,4%.

Раней Сусветны банк панізіў на 0,3% свой прагноз па росце эканомікі Беларусі ў 2025 годзе — да 1,9% (у чэрвеньскім аглядзе прагноз быў вышэйшы — +2,2%).

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ў верасні таксама пагоршыў свой папярэдні (травеньскі) прагноз — да 1,7% на 2025 год і да 2,3% — на 2026 год.

Зніжэнне тэмпаў росту ВУП Беларусі да 1,6% прагназаваў Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця ў сваім рэгіянальным эканамічным аглядзе, апублікаваным у красавіку.

У чэрвені аналітыкі Еўразійскага банка развіцця ў макраэканамічным прагнозе на 2025–2027 гады адзначылі, што чакаюць рост ВУП Беларусі па выніках 2025 года на ўзроўні 3%.

Праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года прадугледжвае рост ВУП у наступным годзе на 2,8%, заяўляў міністр эканомікі Юрый Чабатар.

Паводле даных Белстата, ВУП Беларусі павялічыўся за студзень — жнівень 2025 года на 1,6% да аналагічнага перыяду 2024-га і ў наяўных цэнах склаў 180,1 млрд рублёў.

Па выніках 2024 года рост эканомікі склаўся на ўзроўні 4%, 2023 — 3,9%, 2022 — ВУП знізіўся на 4,7%, 2021 — вырас на 2,3%, 2020 — скараціўся на 0,9%.

Падзяліцца: