Мінск 18:38

Ціханоўская: Прысуджэнне Пачобуту прэміі Сахарава стане сігналам для дыктатараў, што ім не змусіць журналістаў замаўчаць

Архіўнае фота: sb.by

16 кастрычніка, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская вітала намінаванне журналіста, актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі, палітвязня Анджэя Пачобута на прэмію “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава.

“Журналіст з Гродна Анджэй Пачобут — гэта наш агульны герой, герой Беларусі і герой Еўропы, — адзначыла палітык у відэазвароце да членаў Еўрапарламента. — Ён паходзіць з польскай сям’і. Ён бацька дваіх дзяцей і чалавек многіх талентаў — музыка, шахматыст, паэт. Але перш за ўсё ён служыцель ісціны”.

Паводле слоў Ціханоўскай, “у самыя цёмныя часы рэпрэсій” Пачобут “ніколі не пераставаў казаць праўду і адстойваць свабоду”. Яна нагадала, што ў 2021 годзе мужчына “быў арыштаваны другі раз у сваім жыцці” (упершыню па палітычна матываванай крымінальнай справе — у 2011 годзе).

“І абодва разы прычынай [арышту] было тое, што ён проста выконваў свой журналісцкі абавязак, — сказала дэмлідар. — У 2020 годзе, на старонках Gazeta Wyborcza, ён распавёў польскай грамадскасці праўду пра мірныя беларускія пратэсты і пра жорсткі тэрор з боку рэжыму. За гэта Анджэй Пачобут быў прыгавораны да 8 гадоў”.

Палітык заявіла, што ў няволі здароўе палітвязня “пагаршаецца з кожным днём”, паколькі “ён пакутуе ад хваробы сэрца і высокага артэрыяльнага ціску”. Паводле яе слоў, без належнай медыцынскай дапамогі Пачобут “проста павольна памірае”.

“Польскія ўлады шматразова патрабавалі яго вызвалення, але дыктатар ігнаруе гэтыя заклікі. Ён хоча зламаць Пачобута. Ён хоча, каб той прасіў літасці, — заявіла Ціханоўская. — Але не — Пачобут адмовіўся прасіць прабачэння ў Лукашэнкі. Дыктатар цынічна заявіў, што журналіст “не хоча свабоды”. Гэта хлусня. Пачобут проста не хоча свабоды толькі для сябе. Ён хоча свабоды для ўсіх беларусаў. Разам з Мікалаем Статкевічам, Марыяй Калеснікавай, Максімам Знакам і больш як 1.300 іншымі палітвязнямі Анджэй Пачобут увасабляе мужнасць, годнасць і нязломны дух беларускага дэмакратычнага руху”.

“Анджэй Пачобут увасабляе еўрапейскія каштоўнасці, да якіх мы ўсе імкнемся. Я ўсім сэрцам падтрымліваю вылучэнне Анджэя Пачобута на суісканне прэміі імя Андрэя Сахарава. Прысуджэнне гэтай узнагароды яму стане моцным сігналам для ўсіх дыктатараў: “Вы не зможаце змусіць журналістаў замаўчаць, вы не зможаце схаваць праўду, вы не зможаце пазбегнуць правасуддзя”, — дадала палітык.

Пра тое, што Еўрапейская народная партыя і кааліцыя Еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў намінавала Пачобута на прэмію Сахарава, “Позірк” паведамляў 23 верасня.

8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса.

Пасля рашэння суда, 10 лютага 2023 года, Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

Прэмія “За свабоду думкі” імя Сахарава, якую Еўрапейскі парламент уручае з 1988 года, прысуджаецца асобам і арганізацыям, якія зрабілі выключны ўнёсак у барацьбу за свабоду думкі, правы чалавека па ўсім зямным шары.

У 2004 годзе гэтай прэміяй была ўганараваная Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006-м — экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, цяперашні дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях рэалізацыі еўрапейскага выбару, канцлер “Вольнага беларускага універсітэта” Аляксандр Мілінкевіч, у 2020-м — дэмакратычныя сілы Беларусі.

Падзяліцца: