Мінск 15:13

Беларусь і Іран хочуць большай супрацы ў галіне фармацэўтыкі і медабсталявання — МЗС

Ілюстрацыйнае фота: James Yarema / unsplash.com

20 кастрычніка, Позірк. Меркаваннямі па пытаннях умацавання супрацы паміж профільнымі структурамі абмяняліся 19 кастрычніка амбасадар Беларусі ў Іране Дзмітрый Кальцоў і намеснік міністра аховы здароўя, лячэння і медыцынскай адукацыі, кіраўнік Арганізацыі па кантролі за прадуктамі харчавання і медыкаментамі Махдзі Пірсалехі.

Паводле інфармацыі беларускага МЗС, бакі адзначылі “паступальнае развіццё стасункаў у сферы аховы здароўя”, а таксама “выказалі зацікаўленасць у інтэнсіфікацыі ўзаемадзеяння ў галіне фармацэўтыкі і медыцынскага абсталявання”.

Два месяцы таму, 20 жніўня, у Мінску адбыліся перамовы прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіяна і Аляксандра Лукашэнкі. Апошні на сустрэчы сярод іншага заявіў, што ўлады ў Мінску разлічваюць “на развіццё супрацы ў інвестыцыйнай, банкаўска-фінансавай і транспартнай сферах, навукова-тэхнічнай ды іншых важных галінах, такіх як адукацыя, ахова здароўя, спорт”. Было заяўлена, што ў Беларусі “па заслугах ацанілі не толькі іранскую садавіну і арэхі, але і высокатэхналагічную прадукцыю, асабліва ў сферы аховы здароўя”.

Па выніках перагавораў было падпісана 13 дакументаў, у тым ліку ў галіне аховы здароўя і аздараўлення.

Падзяліцца: