Мінск 22:29

Лукашэнка ўнёс у парламент законапраект “па пытаннях нарматворчай дзейнасці”

21 кастрычніка, Позірк. Праект закона “Аб змяненні законаў па пытаннях нарматворчай дзейнасці” ўнёс на разгляд Нацыянальнага сходу Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Заяўляецца, што даручэнне падрыхтаваць дакумент паступіла ад Лукашэнкі “па выніках раней праведзенай маштабнай рэвізіі заканадаўства”. Праца над законапраектам вялася “практычна год”.

“Ключавыя навелы законапраекта накіраваныя на забеспячэнне кампактнасці і якасці заканадаўства”, — гаворыцца ў паведамленні.

Дакумент распрацоўвалі пры ўдзеле адміністрацыі Лукашэнкі Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі, Савет міністраў, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўны суд, Генеральная пракуратура, а таксама “іншыя дзяржаўныя органы”. Адзначаецца, што пры падрыхтоўцы ўлічаныя “прапановы, што паступілі ад 66 ведамстваў, замежны досвед і навуковыя распрацоўкі”.

18 ліпеня 2024 года на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага суда Лукашэнка заяўляў, што прынятыя ў Беларусі нарматыўна-прававыя акты “не заўсёды працуюць на практыцы” — і гэта “вялікая бяда”. Тады ж ён даручыў сваёй адміністрацыі арганізаваць маштабную рэвізію заканадаўства.

Паводле яго слоў, цяпер у краіне дзейнічае каля 175 тыс. актаў: “Катастрофа! Некаторыя з іх цяжка чытаюцца і ўспрымаюцца, перагружаныя, асобныя пытанні зарэгуляваныя. Многія нормы паўтараюцца, у акты ўносяцца шматлікія карэкціроўкі”.

Намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс, каментуючы гэтае даручэнне, адзначала, што неабходнасць рэформы заканадаўства абумоўленая “эвалюцыйным рухам, які адбываўся ў Рэспубліцы Беларусь на працягу 30 гадоў яе існавання як самастойнай, незалежнай дзяржавы”. “І вось гэта эвалюцыйнае развіццё ў рэшце рэшт прывяло да таго, што вялікая колькасць нарматыўных прававых актаў стала складанай для прымянення”, — лічыць яна.

Вынікі працы, як адзначала чыноўніца, павінны быць прадстаўленыя Лукашэнку 1 сакавіка 2025 года.

Падзяліцца: