Мінск 17:20

Ціханоўская ў Еўрапарламенце заклікала не падманвацца “гуманнасцю” Лукашэнкі і працягваць ціск на рэжым

Відэа: ютуб-канал ЕП Стоп-кадр: "Позірк"

22 кастрычніка, Позірк. Не падманвацца “так званай гуманнасцю” Аляксандра Лукашэнкі, які вызваляе палітвязняў, заклікала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 22 кастрычніка ў Страсбургу (Францыя) на пленарнай сесіі Еўрапейскага парламента (ЕП).

Трансляцыя выступу палітыка вялася ў ютуб-канале ЕП.

Ціханоўская адзначыла, што Лукашэнка “вызваляе шэсцьдзесят — і тут жа арыштоўвае сто дваццаць”, пры гэтым нават “памілаваныя” не цалкам вольныя, бо “дэпартаваныя без дакументаў, у кайданках, з мяшком на галаве”, а іх сем’і ў Беларусі падвяргаюцца пераследу з боку КДБ. Тых, хто “адмаўляецца з’язджаць, як, напрыклад, Мікалай Статкевіч, лідар беларускіх сацыял-дэмакратаў, зноў кідаюць у турму”, заявіла палітык.

“Для Лукашэнкі людзі — усяго толькі разменная манета. Ён хоча зняцця санкцый, ён хоча легітымацыі, ён марыць вярнуцца да звычайнага жыцця. Але мы ўжо бачылі гэты фільм — адно і тое ж прадстаўленне трыццаць гадоў запар. І мы ўсе ведаем, чым гэта сканчаецца”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Паводле яе слоў, рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца “не таму, што рэжым моцны, а таму, што ён слабы, таму што людзі ім пагарджаюць”.

“Дыктатар ведае: як толькі рэпрэсіі спыняцца, беларусы зноў паднімуцца. І так, санкцыі працуюць, што б ні казалі апалагеты рэжыму. Мы ўжо бачым гэта: санкцыі вымушаюць рэжым ісці на саступкі, вызваляць людзей”, — дадала дэмлідар.

“Эканоміка рэжыму стагнуе”, сказала яна, рэжым Лукашэнкі “выжывае ў асноўным за кошт вайсковых кантрактаў з Расіяй”. “Таму цяпер не час аслабляць ціск — пара ціснуць мацней і патрабаваць больш”, — заклікала Ціханоўская.

Яна прапанавала “двухбаковы падыход” да ціску на Мінск: “Пакуль ЗША сканцэнтраваныя на гуманітарным кірунку — вызваленні людзей і спыненні рэпрэсій — я заклікаю Еўрапейскі саюз захоўваць цвёрдасць і прынцыповасць”.

“Няхай санкцыі ЗША паслужаць выратаванню жыццяў людзей. Але санкцыі ЕС павінны быць накіраваныя на сістэмныя, незваротныя змены. Працягвайце ціснуць — пакуль рэжым не перастане саджаць сваіх грамадзян у турмы, не перастане шантажаваць Еўропу мігрантамі, не перастане ўзбройваць расійскую вайну, і Беларусь не ўстане на шлях дэмакратыі”, — заявіла дэмлідар.

Іншыя падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: