Мінск 22:38

Рыжанкоў: Закрыццё мяжы — правакацыя, Літва не пасылала нот пратэсту

Максім Рыжанкоў
Фота: МЗС

27 кастрычніка, Позірк. Правакацыяй літоўскіх уладаў назваў закрыццё мяжы з Беларуссю з-за сістэматычнага прылёту паветраных шароў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

“Калі камусьці трэба знайсці нагоду, каб неяк вось гэтай рыторыкай апраўдаць свае нейкія дзеянні супраць Беларусі, супраць Расіі, у канчатковым выніку і супраць сваіх грамадзян, то вось шукаюцца такія якраз падставы”, — заявіў Рыжанкоў у каментары дзяржтэлеканалу “Першы інфармацыйны”.

Паводле сцвярджэння міністра, тое, што адбываецца, звязана з тым, што “абгрунтаваць свайму народу проста нейкія дзеянні антыбеларускага, антырасійскага характару — гэта цяжка, таму трэба вось наскрэбці нейкага такога негатыву, на фоне якога запалоханы жыхар Літвы будзе ў глыбіні душы хоць і перажываць за тое, што вось такая нагнятаецца сітуацыя, што трэба шукаць, бегчы дзесьці нейкае бамбасховішча, запасацца нейкімі прадуктамі харчавання, але будзе падтрымліваць дзеянні ўладаў”.

“Шары з кантрабандай нейкіх цыгарэт усё жыццё лёталі”, — прызнаў Рыжанкоў і прапанаваў літоўскім уладам “самім разабрацца” з “хеўрамі” кантрабандыстаў на сваёй тэрыторыі.

Ён таксама заявіў, што Вільнюс не накіроўваў Мінску нот пратэсту.

“Не могуць самі разабрацца, што там за шары лёталі і якія. Яны так і не знайшлі. Яшчэ адна тэма. Вы можаце колькі заўгодна вінаваціць кагосьці тут у Беларусі, але там з таго боку хто? Калі гэта сапраўды шары кантрабандыстаў, то хто з таго боку? Літоўцы, якія, уласна кажучы, выкарыстоўваюць гэта для нажывы. Там арганізаваныя шайкі, якія гэтым займаюцца. Так вы з імі разбірайцеся. Вось разбярэцеся, пераможаце ў сябе кантрабанду, і не будзе такіх пытанняў”, — заявіў Рыжанкоў.

Упершыню мяжа была зачыненая ў ноч на 22 кастрычніка. З-за аэрастатаў у аэрапорце Вільнюса было затрымана альбо скасавана восем рэйсаў. У мэтах бяспекі Літва да 9 гадзін прыпыніла працу пунктаў пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). У той жа дзень паверанаму ў справах Беларусі была ўручаная нота пратэсту ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы.

Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене папярэдзіла, што ў выпадку яшчэ аднаго масавага прылёту аэрастатаў з кантрабандай мяжа з Беларуссю будзе закрытая. Пра перспектывы закрыцця мяжы “на больш працяглы тэрмін” заявіў галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Дэйвідас Матулёніс.

Праз чарговы прылёт шароў з Беларусі ўвечары 24 кастрычніка Літва трымала мяжу закрытай да поўдня 25 кастрычніка. З’яўленне аэрастатаў парушыла працу аэрапортаў Вільнюса і Каўнаса, самалёты перанакіроўвалі ў Палангу (Літва), Рыгу (Латвія), Катавіцэ, Гданьск (Польшча).

На гэтым фоне Ругінене анансавала на 27 кастрычніка пасяджэнне камісіі па нацыянальнай бяспецы, каб “ацаніць наступствы ўжо прынятых рашэнняў і абмеркаваць, якія яшчэ меры можна зрабіць у кароткатэрміновай перспектыве, каб нанесці шкоду як кантрабандыстам, так і рэжыму Лукашэнкі, які дазваляе ім бясчынстваваць”.

25 кастрычніка МЗС Літвы ўручыў паверанаму ў справах Беларусі “строгую ноту пратэсту“, папярэдзіўшы, што Вільнюс “расцэньвае гэтыя інцыдэнты як свядомую правакацыю і эскалацыю напружанасці“.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская назвала інцыдэнты з аэрастатамі сведчаннем таго, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі “выкарыстоўвае кантрабанду як інструмент гібрыднай атакі супраць Еўропы“.

27 кастрычніка Літва закрыла мяжу з Беларуссю на нявызначаны тэрмін. Пункт пропуску Шальчынінкай не працуе, праз Мядзінінкай прапускаюць “некаторыя катэгорыі асоб”. Напрыклад, праехаць могуць дыпламаты, а таксама вярнуцца ў Літву грамадзяне ЕС і ўладальнікі літоўскага дазволу на жыхарства.

Падзяліцца: