Лукашэнка разлічвае, што “ўжо ў найбліжэйшай будучыні Мінск і Прага пераадолеюць існуючую турбулентнасць”
28 кастрычніка, Позірк. Беларусь “заўсёды адкрытая” для “канструктыўнага супрацоўніцтва”, гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі народу Чэхіі з нацыянальным святам — Днём узнікнення незалежнай чэхаславацкай дзяржавы.
“Стасункі паміж нашымі краінамі перажывалі як часы ўздыму, ажыўлення палітычных, дзелавых і культурных кантактаў, так і перыяды рэгрэсу”, — прыводзіць словы віншавальніка яго прэс-служба.
На думку Лукашэнкі, “станоўчага было больш і патэнцыял беларуска-чэшскага ўзаемадзеяння далёка не вычарпаны”.
Ён спадзяецца, што, нягледзячы на “геапалітычныя выклікі і палітычную кан’юнктуру, ужо ў найбліжэйшай будучыні Мінск і Прага пераадолеюць існуючую турбулентнасць“. На мінулых 3 і 4 кастрычніка парламенцкіх выбарах у Чэхіі перамог правапапулісцкі рух еўраскептыкаў АNO былога прэм’ер-міністра Андрэя Бабіша, якому 27 кастрычніка прэзідэнт краіны Петэр Павел афіцыйна даручыў сфармаваць урад. У бытнасць кіраўніком кабінета Бабіш сустракаўся са Святланай Ціханоўскай.
Лукашэнка ў сваім пасланні выказаў гатоўнасць да аднаўлення супрацоўніцтва з Чэхіяй па “ўсіх напрамках узаемнай цікавасці на прынцыпах партнёрства, даверу і раўнапраўя”.
У аналагічным леташнім віншаванні аўтар адзначыў, што адметнай каштоўнасцю “канструктыўнага супрацоўніцтва“ Беларусі і Чэхіі, гісторыя якога “налічвае многія дзесяцігоддзі“, заўсёды былі “кантакты паміж людзьмі самых розных прафесій, узросту, веравызнання і сацыяльнага статусу“.
Віншавальнік падкрэсліваў, што “штучныя бар’еры, створаныя цяперашнімі заходнімі палітыкамі пад лозунгамі дэмакратызацыі і абароны нацыянальных інтарэсаў, не маюць нічога агульнага з рэальнымі надзённымі клопатамі насельніцтва”.
Год таму ён таксама выказваў упэўненасць, што бакі “ў хуткім часе змогуць аб’яднацца і вярнуцца да нармальнай працы, рэалізаваць канкрэтныя праекты ў эканамічнай і гуманітарнай галінах“.
Нядаўна паміж краінамі разгарэўся шпіёнскі скандал.
Пра раскрыццё шпіёнскай сеткі Мінска ў выніку сумеснай працы са спецслужбамі Венгрыі і Румыніі Служба бяспекі і інфармацыі (контрвыведка) Чэхіі паведаміла 8 верасня.
У той жа дзень МЗС краіны інфармаваў, што беларускага дыпламата, які працаваў на спецслужбы, прызналі персонай нон грата. “Мы не пацерпім злоўжыванні дыпламатычным прыкрыццём у мэтах шпіянажу”, — падкрэсліла ведамства.
У дыпламата ёсць 72 гадзіны, каб пакінуць Чэхію, паведаміла руская служба Чэшскага радыё.
9 верасня беларуская рэдакцыя “Радыё Свабода“, якая працуе з Прагі, аналізуючы дыпламатычны даведнік МЗС Чэхіі, прыйшла да высновы, што згаданым дыпламатам, відавочна, з’яўляецца дарадца ў адміністрацыйных пытаннях беларускай амбасады Мікалай Дукшта.
19 верасня набліжаны да знешнепалітычнага ведамства Беларусі тэлеграм-канал “Глас МИДа” паведаміў, што адзін з дыпламатычных супрацоўнікаў амбасады Чэхіі ў Мінску абвешчаны персонай нон грата. Дыпламат быў абавязаны пакінуць краіну на працягу 72 гадзін.
Улады Чэхіі знаходзяцца ў конктакце з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Святлана Ціханоўская неаднаразова наведвала гэтую краіну і сустракалася з яе палітычным кіраўніцтвам.
Чэхія з’яўляецца часткай Еўрапейскага саюза, які не прызнае Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі. ЕС увёў у дачыненні да прадстаўнікоў ягонага рэжыму санкцыі.
“Чэшская Рэспубліка заўсёды была адным з самых верных хаўруснікаў беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл, — напісала Ціханоўская 4 кастрычніка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х з нагоды парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў краіне. — Я ўдзячная за канкрэтную падтрымку, якую атрымала Свабодная Беларусь. Я веру, што новы ўрад Чэхіі, сфармаваны па выніках гэтых выбараў, захавае цвёрды курс на салідарнасць і працягне падтрымліваць нашу барацьбу за свабоду і вяршэнства права“.
Беларускі ўрад увесну 2022 года зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у які ўваходзяць усе краіны ЕС.
21 траўня 2024 года ўрад абвясціў аб пашырэнні пераліку тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі краіны, у які сярод іншага была ўключана і чэшская прадукцыя.
На наступны дзень МЗС згадаў Чэхію ў ліку краін, якія ідуць на “разбурэнне дружалюбных сувязяў паміж народамі“, “бесперапыннае вынаходніцтва новых абмежаванняў, распаўсюджванне дэзінфармацыі аб рэальнай сітуацыі“, а таксама на падрыхтоўку “баевікоў і сілавых сцэнарыяў неканстытуцыйнага перавароту“ ў Беларусі.
У апошнія гады Лукашэнка віншуе з рознымі святамі не кіраўніцтва, а народы “недружалюбных краін“.
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- АнонсыАнонсы падзей на 28 кастрычніка — 16 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 25–27 кастрычніка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка90% экспарту "Белшыны" прыпадае на расійскі рынакМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка


