Мінск 14:49

За шкоду на 17 млн рублёў да трох гадоў зняволення прыгавораны экс-дырэктар буйнога магілёўскага дзяржпрадпрыемства

29 кастрычніка, Позірк. Суд Быхаўскага раёна прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі былога генеральнага дырэктара “аднаго з горадаўтваральных прадпрыемстваў Магілёва”, паведамляе Генеральная пракуратура.

Мужчына прызнаны вінаватым паводле ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса (перавышэнне службовых паўнамоцтваў), яму таксама прызначаны штраф у памеры 300 базавых велічынь (12,6 тыс. рублёў) з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін пяць гадоў.

Акрамя гэтага, з былога гендырэктара на карысць прадпрыемства ў кошт пакрыцця шкоды суд спагнаў каля 1,5 млн рублёў.

Паводле даных абвінавачвання, у пачатку 2024 года экс-дырэктар даў незаконнае ўказанне падначаленым прынізіць паказчыкі рэнтабельнасці арганізацыі за 2023 год. У выніку, як заяўляецца, была праведзеная ўцэнка прадукцыі, тым самым дзяржпрадпрыемства “ухілілася ад пералічэння часткі прыбытку ў дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця”.

Супрацьпраўныя дзеянні “пацягнулі цяжкія наступствы ў выглядзе прычынення шкоды дзяржаве і прадпрыемству ў асабліва буйным памеры на суму больш за 17 млн рублёў, а таксама істотную шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам”, адзначае Генпракуратура.

У ходзе судовага пасяджэння абвінавачаны віну прызнаў часткова, адмаўляў наяўнасць намеру на прычыненне шкоды прадпрыемству і неабгрунтаванасць ўцэнкі прадукцыі, гаворыцца ў паведамленні.

Гл. таксама:

Менеджар прадпрыемства ЖКГ браў хабар праз схованку ў прыбіральні, ён затрыманы па крымінальнай справе — Генпракуратура

Сілавікі затрымалі намесніка дырэктара “аднаго з прадпрыемстваў хімічнай галіны” Гродна

Супраць трох менеджараў дзяржпрадпрыемстваў распачатая крымінальная справа за хабар, ім пагражае да 10 гадоў зняволення

Падзяліцца: