Мінск 12:17

Украіна выказала салідарнасць з Літвой і заклікала да ціску на беларускі і расійскі рэжымы

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга
Фота: фэйсбук-акаўнт Андрэя Сібігі

30 кастрычніка, Позірк. Украіна “салідарная з Літвой у сувязі з беларускімі правакацыямі і ўварваннямі ў літоўскую паветраную прастору, якія прывялі да збояў у працы грамадзянскай авіяцыі“, напісаў у Х (“Твітар“) міністр замежных спраў краіны Андрэй Сібіга.

На думку ўкраінскага міністра, дзеянні Аляксандра Лукашэнкі “варта разглядаць як частку гібрыдных нападаў Расіі супраць Еўропы“.

“Мы заклікаем Еўропу да адзінства, сілы і ціску на абодва рэжымы, каб даць зразумець, што такія дзеянні маюць свае наступствы. Разам мы можам гарантаваць бяспеку ў Еўропе”, — заявіў Сібіга.

29 кастрычніка кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас (Эстонія) рашуча асудзіла “правакацыйныя дзеянні Беларусі супраць ЕС і яго дзяржаў-членаў“.

МЗС Расіі, афіцыйны прадстаўнік якога Марыя Захарава напярэдадні назвала правакацыйнай прапанову Літвы закрыць мяжу з Беларуссю і абмежаваць транзіт у Калінінградскую вобласць пасля таго, як было абвешчана, што згаданы транзіт не пацерпіць, пакуль устрымліваецца ад заяў.

У сваю чаргу, МЗС Беларусі патлумачыў закрыццё суседняй краінай мяжы да канца лістапада фінансавымі інтарэсамі літоўскіх палітыкаў.

29 кастрычніка ўрад Літвы прыняў рашэнне закрыць да канца восені ўсе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Абмежаванні будуць дзейнічаць да 24 гадзін 30 лістапада з магчымасцю падаўжэння.

Пункт пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку Беняконі) застанецца закрытым цалкам. Для Мядзінінкая (Каменны Лог) захаваюцца выключэнні: праз яго будуць прапускацца дыпламаты, асобы, якія ідуць транзітам у Калінінградскую вобласць (РФ), а таксама вяртаюцца ў Літву — яе грамадзяне, грамадзяне краін Еўрасаюза і краін НАТО, члены іх сем’яў і асобы, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве. Захоўваецца магчымасць выдачы гуманітарных пропускаў, рашэнне аб якіх будзе прымаць Служба аховы дзяржаўнай мяжы.

“Гэта рашэнне можа быць прадоўжана настолькі, наколькі неабходна. Я прашу ўсіх засяродзіцца і паставіцца з разуменнем. Я сапраўды разумею, што гэта створыць масу перашкод і нязручнасцяў як для нашых грамадзян, так і для нашага бізнесу, але сёння мы не можам не адрэагаваць на гібрыдную атаку, накіраваную на Літву”, — заявіла прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла на мяжы з Беларуссю пункты пропуску Шумскас (з сумежнага боку Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). Такім чынам, пасля ўчорашняга рашэння ўрада ў абмежаваным рэжыме будзе працаваць толькі Мядзінінкай (Каменны Лог).

Падзяліцца: