Мінск 20:33

Беларусь паставіла Нігерыі больш за 2 тыс. трактароў і 7 тыс. прычэпаў — віцэ-прэм’ер Каранкевіч

30 кастрычніка, Позірк. У рамках рэалізацыі першага этапу праграмы супрацоўніцтва з Нігерыяй Беларусь паставіла ў гэтую афрыканскую краіну больш за 2 тыс. трактароў, 7 тыс. адзінак навяснога прычапнога абсталявання і каля 9 тыс. запасных частак да гэтай тэхнікі, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч 30 кастрычніка пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле яго слоў, на другім этапе “прадугледжваецца стварэнне сэрвісных цэнтраў і магчымасць арганізацыі зборачных вытворчасцяў”. “Такім чынам, вось гэты станоўчы досвед як раз і неабходна выкарыстоўваць для пашырэння і далейшай пастаўкі нашай гарадской прадукцыі, тэхнікі на афрыканскія рынкі”, — адзначыў віцэ-прэм’ер (па відэа ў тэлеграм-канале ўрада).

Чыноўнік падкрэсліў, што афрыканскі кантынент “вельмі важны, перспектыўны і таму важна цяпер выкарыстоўваць той станоўчы досвед”, які Беларусь мае “з такімі краінамі, як Нігерыя, Зімбабвэ”.

Беларускія ўлады вядуць працу “ад пастаўкі тэхнікі ў афрыканскія краіны да стварэння адпаведных сэрвісных цэнтраў, навучання персаналу, які зможа не толькі эксплуатаваць гэтую тэхніку, але і ў далейшым забяспечыць яе рамонт”, сказаў Каранкевіч. Наступным крокам, паводле яго слоў, павінна стаць стварэнне сумесных зборачных вытворчасцяў, затым гаворка пойдзе аб сумеснай перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі.

Закрануў чыноўнік і адукацыю, адзначыўшы магчымасці “прымянення новых падыходаў у сферы”: “У большай ступені ёсць магчымасць навучання ў нашых ВНУ як раз студэнтаў і спецыялістаў з гэтых краін”. Таксама на парадку дня пытанні аховы здароўя: перадача досведу ў сферы аховы здароўя, пастаўкі медыцынскага абсталявання і прэпаратаў.

“Гэты комплексны падыход дасць магчымасць у далейшым і развіваць, і ўмацоўваць адносіны, і развіваць новы напрамак узаемавыгаднага супрацоўніцтва [з краінамі Афрыкі]”, — рэзюмаваў віцэ-прэм’ер.

Афрыка для Беларусі — “той жа Кітай 30 гадоў таму, рынак будучыні”, куды “трэба актыўна ісці і заваёўваць на ім свае нішы”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 кастрычніка на нарадзе па пытаннях развіцця супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі.

“Менавіта там рэзерв дыверсіфікацыі экспарту для базавых галін нашай эканомікі, такіх як сельская гаспадарка, машынабудаванне, вытворчасць мінеральных угнаенняў і іншыя”, — падкрэсліў прамоўца.

Паводле яго слоў, ён не бачыць “прыкмет сістэмнай працы” з краінамі Афрыкі, “ніхто нічога не карэктуе ні ў планах, ні ў метадах”.

Лукашэнка прывёў даныя аб эканоміцы Афрыкі: тэмпы росту ВУП гэтага кантынента перавышаюць сярэднесусветныя — больш за 4% супраць 3% у 2025 годзе, дэмаграфічны рост складае 2–3% у год. Пры гэтым, адзначыў ён, доля ў міжнародным гандлі пакуль “неадэкватна нізкая”: 2,6% сусветнага экспарту і 3% — імпарту. Гэта кажа, што там “сціскаецца спружына адкладзенага попыту”, мяркуе прамоўца.

24 чэрвеня 2025 года паведамлялася, што падчас візіту ў Нігерыю беларускай урадавай дэлегацыі на чале з Каранкевічам, афрыканскай краіне былі перададзеныя “тысячы адзінак беларускай тэхнікі”.

Адзначалася, што ў цырымоніі прыняў удзел прэзідэнт Нігерыі Бола Цінубу, якому было перададзена запрашэнне Лукашэнкі наведаць Беларусь.

Падзяліцца: