Нацбанк тлумачыць запавольванне росту цэн “аслабленнем праінфляцыйнага ўплыву ўнутраных фактараў”
31 кастрычніка, Позірк. У трэцім квартале 2025 года запавольванню росту цэн спрыяла “аслабленне праінфляцыйнага ўплыву ўнутраных фактараў з боку спажывецкага попыту, дынамікі цэн вытворцаў і ўзроўню інфляцыйных чаканняў, які склаўся”, гаворыцца ў апублікаваным 31 кастрычніка аглядзе Нацыянальнага банка.
Акрамя таго, як адзначаецца, “зменшыўся знешні цэнавы ціск ў выніку запавольвання інфляцыі ў Расіі пры ўмацаванні беларускага рубля, а таксама менш інтэнсіўнага росту сусветных цэн на асобныя імпартаваныя прадукты харчавання”.
Базавая інфляцыя і адміністрацыйна рэгулюемыя цэны (тарыфы) у гадавым выражэнні змяніліся нязначна, гаворыцца ў аглядзе. “Менш інтэнсіўная дынаміка” сезонных цэн на пладаагароднінную прадукцыю абумовіла “запавольванне тэмпаў росту спажывецкіх цэн”.
Запавольванне дынамікі цэн вытворцаў разам з аслабленнем спажывецкай актыўнасці, на думку рэгулятара, “спрыялі менш інтэнсіўнаму росту цэн па асобных харчовых пазіцыях, якія ў першай палове года падаражэлі найбольш істотна (мяса, малако і прадукты з яго, кандытарскія вырабы)”.
Трэндавая інфляцыя (ачышчаная ад кароткатэрміновых цэнавых шокаў) на працягу справаздачнага квартала захоўвалася на адным узроўні — 6,3% (тут і далей — у гадавым выражэнні).
Адміністрацыйна рэгуляваныя цэны (тарыфы) у верасні павялічыліся ў гадавым выражэнні на 6% (у чэрвені — на 5,7%). Гэта, як адзначаюць у Нацбанку, абумоўлена павышэннем тарыфаў на гарачае водазабеспячэнне, паслугі чыгуначнага пасажырскага транспарту рэгіянальных і міжрэгіянальных зносін, а таксама падаражэннем паштовых і рытуальных паслуг.
У аглядзе гаворыцца, што добры ўраджай гародніны і паляпшэнне кан’юнктуры ў частцы паставак імпартных фруктаў “прывялі да запавольвання больш чым удвая гадавога тэмпу прыросту сезонных цэн на пладаагароднінную прадукцыю” (з 17,6% у чэрвені да 7,6% у верасні).
“Згодна з апытаннем насельніцтва, у верасні 2025 года інфляцыя за апошнія 12 месяцаў, якая адчуваецца рэспандэнтамі, склала 11,2%, чаканы ў наступныя 12 месяцаў рост цэн — 10,7% (у чэрвені — 11,9% і 11,3% адпаведна)”, — сцвярджае Нацбанк.
У аглядзе адзначаецца, што запавольванне росту цэн вытворцаў “зменшыла ціск на дынаміку спажывецкіх цэн па асобных пазіцыях”. Так, у трэцім квартале цэны на прадукцыю сельскай гаспадаркі раслі больш павольна адносна папярэдняга квартала.
Раней паведамлялася, што спажывецкія цэны ў верасні 2025 года выраслі на 0,5%. Харчовыя тавары падаражэлі на 0,5%, нехарчовыя — на 0,2%, паслугі — на 0,6%.
У параўнанні са снежнем 2024 года цэны выраслі на 5,8%: харчовыя тавары сталі даражэй на 6,9%, нехарчовыя — на 2,9%, паслугі — на 7,6%.
У гадавым вымярэнні (да верасня 2024 года) цэны павялічыліся на 7,1%. Харчаванне стала даражэй на 9,8%, нехарчовыя тавары — на 2,9%, паслугі — на 7,9%.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пастановай № 4 ад 27 студзеня вызначыла паказчыкі штомесячнага (з нарастаннем) дапушчальнага павелічэння цэн: у студзені цэны не павінны былі вырасці больш чым на 0,7% (па факце — +0,7%), па выніках студзеня — лютага — на 1,9% (+2%), студзеня — сакавіка — на 2,2% (+2,8%), студзеня — красавіка — на 2,7% (+3,8%), студзеня — траўня — на 3% (+4,5%), студзеня — чэрвеня — 3,3% (+5,4%), студзеня — ліпеня — 3,4% (+5,6%), студзеня — жніўня — 3,4% (+5,3%), студзеня — верасня — 3,7% (+5,8%).
Далей: студзеня — кастрычніка — 4,1%, студзеня — лістапада — 4,4%, студзеня — снежня — 5% (гэты апаказнік з’яўляецца зацверджаным уладамі на 2025 год).
Тэндэнцыю росту інфляцыі “неабходна зламаць”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 верасня ў Мінску на нарадзе з апаратам Нацбанка і кіраўніцтвам банкаў.
На думку спікера, “роль [рэгулятара] у гэтым працэсе ўвогуле пакуль слаба прасочваецца”.
“Так званая трэндавая інфляцыя”, якая “разлічваецца на падставе спецыяльных методык, ачышчаных ад уплыву якіхсці кан’юнктурных фактараў, цяпер знаходзіцца на ўзроўні 6%”, заявіў кіраўнік Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка 29 кастрычніка пасля дакладу Лукашэнку.
“Я лічу, што прыкладна на гэты ўзровень, які склаўся цяпер, мы павінны і выйсці на канец 2025 года”, — адзначыў чыноўнік.
Эканоміка Беларусі пры адсутнасці моцных знешніх шокаў “працягне функцыянаваць у стане перагрэтага залішняга ўнутранага попыту”, вынікала з агляду манетарнага асяроддзя за другі квартал 2025 года, прадстаўленага даследчым цэнтрам BEROC.
Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анатоль Харытончык на брыфінгу 25 чэрвеня адзначыў, што інфляцыя ў Беларусі “пачынае тэставаць гранічныя ўзроўні, якія ўлады краіны гатовыя дапусціць для кароткатэрміновага стымулявання росту ВУП праз надмерна мягкую эканамічную палітыку — 7–9% у гадавым вылічэнні па выніках 2025 года”.
Паводле прагнозу Еўразійскага банка развіцця інфляцыя па выніках года складзе 7,7%.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства


