Мінск 20:27

Узровень пары салянай кіслаты ў паветры Салігорска і Любанскага раёна не перавышаны — Мінздароўя

Салігорск
Ілюстрацыйнае фота: газета "Шахцёр"

1 лістапада, Позірк. На працягу двух дзён, 31 кастрычніка і 1 лістапада, спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы Мінскай вобласці праводзілі маніторынг, адбіралі і аналізавалі пробы на ўтрыманне пары салянай кіслаты ў Салігорску і населеных пунктах Любанскага раёна, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

“Па выніках даследавання пробаў, узятых 1 лістапада, на 13:00 перавышэнняў гігіенічнага нарматыву не выяўлена”, — гаворыцца ў паведамленні.

Праверцы папярэднічала аварыя на прадпрыемстве “Беларуськалій”, якая прывяла да ўцечкі салянай кіслаты.

Як раней паведамляў “Позірк”, 31 кастрычніка каля 13:00 на адкрытай пляцоўцы цэха мембраннага электролізу 4-га рудаўпраўлення адбыўся разрыў пустой ёмістасці з-пад салянай кіслаты. Ударная хваля пашкодзіла суседні рэзервуар “з аналагічным хімічным растворам”.

Пасля аварыі былі ўзятыя пробы паветра на ўтрыманне пары шкодных рэчываў. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях тады заявіла, што перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі не зафіксавана, наступствы здарэння лакалізаваныя, пагрозы здароўю людзей няма.

Непасрэдна ў выніку разрыву ёмістасці пацярпела чатыры работнікі прадпрыемства — адна жанчына і трое мужчын. Cпачатку пацярпелых з хімічнымі апёкамі і камбінаванымі траўмамі даставілі ў Салігорскую цэнтральную раённую бальніцу (ЦРБ), але пасля кансіліуму ўрачоў іх перавезлі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр і нейрарэанімацыю бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска. Да перавозкі ўрачы ЦРБ разам з рэспубліканскімі спецыялістамі зрабілі аперацыі двум пацыентам.

Па факце траўмавання рабочых Салігорскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў справу паводле ч. 1 арт. 306 КК (парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі, прамысловай санітарыі або іншых правілаў аховы працы службовай асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула з неасцярожнасці нанясенне цяжкага ці менш цяжкага цялеснага пашкоджання).

Падзяліцца: