Мінск 21:01

Турчын перадаў Такаеву “самыя цёплыя пажаданні” ад Лукашэнкі

Фота: прэс-служба Касыма-Жамарта Такаева

4 лістапада, Позірк. “Самыя цёплыя пажаданні” ад Аляксандра Лукашэнкі перадаў прэзідэнту Казахстана Касыму-Жамарту Такаеву на сустрэчы 4 лістапада ў Астане прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын.

“Літаральна ўчора мы з ім размаўлялі доўгі час, я падрабязна праінфармаваў, з чым мы ляцім у Казахстан. Мы ў Беларусі ўважліва сочым за развіццём Казахстана і радуемся вашым поспехам. На працягу доўгага часу краіна дэманструе ўстойлівы эканамічны рост, і мы не можам не радавацца тым дасягненням, якія вы на сёння маеце. Як вы правільна сказалі, сёння расце наш узаемны тавараабарот”, — перадае словы Турчына прэс-служба Такаева.

Адзначаецца, што на сустрэчы “абмяркоўваліся перспектывы двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, прамысловай кааперацыі і культурна-гуманітарнага ўзаемадзеяння”.

Такаеў, паводле яго слоў, разглядае першы афіцыйны візіт у краіну Турчына “як пацвярджэнне асаблівага характару стратэгічнага партнёрства Казахстана і Беларусі і цвёрдага настрою на яго далейшае развіццё”.

“Лічу гэты візіт вельмі важным з улікам узроўню развіцця супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі і, вядома ж, зместу гэтых сувязяў. Што тычыцца гандлю паміж нашымі краінамі, то ён паспяхова развіваецца — дзесьці на ўзроўні ад 900 мільёнаў да мільярда долараў. Наколькі я ведаю, Казахстан з’яўляецца другім гандлёвым партнёрам Беларусі”, — сказаў прэзідэнт Казахстана.

“У цэлым я хацеў бы падкрэсліць, што мы з вялікай сімпатыяй і павагай ставімся да вашай краіны, вашага народа і самабытнай культуры”, — дадаў Такаеў, перадаўшы Лукашэнку “прывітанне і найлепшыя пажаданні”.

У паведамленні гаворыцца, што за восем месяцаў 2025 года аб’ём узаемнага гандлю Казахстана і Беларусі вырас на 20% у параўнанні з мінулым годам. Сцвярджаецца, што “ў межах прамысловай кааперацыі на сённяшні дзень рэалізавана 12 праектаў на суму 204 млн долараў”, “у распрацоўцы знаходзяцца яшчэ тры праекты”.

Пра пачатак візіту Турчына ў Казахстан паведамлялася 4 лістапада. Чакаецца, што, акрамя Такаева, прэм’ер правядзе перамовы з казахстанскім калегам Алжасам Бекценавым.

Напярэдадні Турчын прадставіў Лукашэнку даклад, асноўнай тэмай якога быў парадак дня візіту беларускай дэлегацыі ў Казахстан.

29 кастрычніка прэс-служба Лукашэнкі паведаміла пра яго тэлефонную размову з Такаевым. Суразмоўцы, як адзначалася, “абмеркавалі двухбаковы парадак дня”. “У прыватнасці, дамовіліся аб тым, што ўрадавая дэлегацыя Беларусі ў бліжэйшы час здзейсніць візіт у Казахстан і ўнясе канкрэтныя прапановы па паглыбленні супрацоўніцтва”, — гаварылася ў паведамленні.

“Шматгадовыя адносіны” Мінска і Астаны, “заснаваныя на даверы і сяброўстве”, з’яўляюцца “надзейнай гарантыяй далейшага ўмацавання беларуска-казахстанскага супрацоўніцтва”, заявіў Лукашэнка, віншуючы 25 кастрычніка Такаева з Днём Рэспублікі.

26 кастрычніка амбасадар Беларусі ў Казахстане Аляксей Багданаў у эфіры дзяржтэлеканала СТВ заявіў, што за 8 месяцаў 2025 года ўзаемны тавараабарот вырас на 17%. “То бок экспарт з Беларусі ў Казахстан павялічыўся на 15%. На 26% выраслі казахстанскія пастаўкі ў нашу краіну. Баланс на карысць нашага боку. Дзве вялікія групы можна выдзеліць — гэта тавары прамысловыя і тавары сельгаспрызначэння і харчовай індустрыі”, — адзначыў дыпламат.

У сюжэце адзначалася, што ў Казахстане працуе дзевяць сумесных прадпрыемстваў, ёсць зборачныя вытворчасці беларускай тэхнікі. На першым беларуска-казахстанскім аграрным форуме, які нядаўна адбыўся ў Астане, заключана кантрактаў на 90 млн долараў.

Як вынікае з заявы першага намесніка прэм’ер-міністра Мікалая Снапкова ў інтэрв’ю “Першаму інфармацыйнаму” тэлеканалу ад 25 кастрычніка, беларускія ўлады хочуць павялічыць узаемны тавараабарот з Казахстанам як мінімум да 2 млрд долараў.

Паводле слоў Снапкова, для Беларусі Казахстан у межах СНД з’яўляецца другім партнёрам “па экспарце, імпарце і сумесным знешнеэканамічным абароце”, а сярод усіх краін свету — трэцім пасля Расіі і Кітая.

“Лічу, што ўдвая большы тавараабарот цалкам магчымы, з улікам таго, што ў нас традыцыйна станоўчае сальда ў гандлі Беларусі і Казахстана. Для нас гэта важна”, — сказаў чыноўнік.

У лютым 2025 года старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў заяўляў, што ў 2024 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Казахстанам склаў 1,1 млрд долараў (паводле даных казахстанскага ўрада — 900 млн).

Падзяліцца: