Мінск 16:51

Насуперак рэкамендацыям МАК беларусам дазволілі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах па водным пола і конным спорце

Ілюстрацыйнае фота: старонка ў "Фэйсбуку" "МГУ водное поло"

5 лістапада, Позірк. Насуперак рэкамендацыям Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) беларускія і расійскія спартсмены атрымалі права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтваў па водным пола.

Гэта вынікае з абноўленых правілаў допуску, апублікаваных 4 лістапада Міжнароднай федэрацыяй водных відаў спорту.

Новыя правілы набываюць моц з 1 студзеня 2026 года.

Воднае пола ўключана ў пералік відаў, у якіх расіяне і беларусы могуць прэтэндаваць на выступленне ва ўсіх узроставых катэгорыях. У спісе таксама пазначаныя індывідуальныя віды: плаванне, плаванне на адкрытай вадзе, сінхроннае плаванне, скачкі ў ваду.

Пры гэтым у дакуменце захаваныя абмежаванні, да якіх адносяцца нейтральны статус атлетаў дзвюх краін, забарона на выкарыстанне дзяржсімволікі, недапушчальнасць сувязяў з сілавымі структурамі сваіх дзяржаў і інш.

Воднае пола ў Беларусі не карыстаецца папулярнасцю, колькі-небудзь прыкметных міжнародных поспехаў не мае.

Таксама Міжнародная федэрацыя коннага спорту (FEI) дапусціла спартсменаў з Расіі і Беларусі да ўдзелу ў камандных спаборніцтвах. Згодна з абноўленымі правіламі, гэта таксама будзе магчыма ў нейтральным статусе і з 1 студзеня 2026 года.

4 красавіка 2023 года FEI пацвердзіла забарону на ўдзел у сваіх спаборніцтвах для спартсменаў з Беларусі і Расіі, а таксама афіцыйных асоб з гэтых краін. У лістападзе таго ж года FEI дапусціла беларускіх і расійскіх спартсменаў да спаборніцтваў у нейтральным статусе.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка таго ж года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе. З аналагічнымі ўмовамі МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 ў нейтральным статусе.

На камандныя віды спорту рэкамендацыі МАК не распаўсюджваліся.

Пры гэтым у міжнародных спаборніцтвах, нягледзячы на вайну ва Украіне, удзельнічаюць беларускія футбалісты. Абмежаванні ў дачыненні да беларускага футбола былі ўведзеныя ў 2021 годзе пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта з на той момант апазіцыйным блогерам Раманам Пратасевічам на борце. З тых часоў футбольным камандам забаронена праводзіць афіцыйныя міжнародныя матчы на тэрыторыі Беларусі. Футбалісты прымаюць супернікаў на “нейтральнай тэрыторыі” і без гледачоў (гэта таксама забаронена) — у Венгрыі, Азербайджане, Грузіі і інш.

Падзяліцца: