Мінск 20:06

У спіс “экстрэмістаў“ дададзена 25 чалавек, у тым ліку 6 палітвязняў

14 лістапада, Позірк. У спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, 14 лістапада дададзена яшчэ 25 чалавек. Цяпер у размешчаным на сайце Міністэрства ўнутраных спраў пераліку 5.989 пазіцый.

У спіс унесена 6 палітвязняў: Яўген Валыхін (прыгавораны да 4,5 года пазбаўлення волі паводле арт. 361, 368 і 130 Крымінальнага кодэкса); асуджаныя па справе “Беларускага Гаюна“ Аляксандр Махнач (4 гады, арт. 361 і 3614) і Яраслава Хромчанкава (3 гады, арт. 3614 і 3691), а таксама Алеся Вяроўкіна, Ірына Кішкурна і Таццяна Мінец, асуджаныя на 2 гады пазбаўлення волі паводле арт. 3611 (“справа дваровых чатаў“).

Акрамя іх з пазнакай “адбывае пакаранне” ў спіс унесены Ігар Чарпакоў (арт. 368), Павел і Людміла Ксяндзовы, Вольга Матусевіч (усе — арт. 3611); Кірыл Лескець і Максім Юшкевіч (абодва — арт. 3614) і Марыя Дзейчык (арт. 130 і 3611).

Яшчэ 12 чалавек унесена ў спіс з пазнакай “судзімасць не пагашаная“, якая звычайна сведчыць аб вынясенні пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі. 10 з іх асуджаныя паводле арт. 3614: Надзея Ляшук, Наталля Шлапакова, Канстанцін Чуяшоў, Уладзіслаў Янцэвіч, Мікалай Любін, Яўген Гуркоў, Сяргей Стрэльчанка, Таццяна Аўдзейчык, Алена Хобец і Мікалай Уласік. Генадзь Хацяновіч асуджаны паводле арт. 368, Ірына Андрос — 3612.

Даведка “Позірку“:

арт. 130 Крымінальнага кодэкс — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;

арт. 3612 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.

Падзяліцца: