Мінск 02:42

Atlantic Council: Захад больш не можа дазволіць сабе ставіцца да Беларусі як да другараднага пытання

15 лістапада, Позірк. Беларусь не была афіцыйна анэксаваная, але была паглынутая Расіяй. Да такой высновы прыходзіць у сваім чарговым даследаванні для Atlantic Council беларуская журналістка Ганна Любакова.

Аўтар адзначае, што “ў ваенным, палітычным, эканамічным і культурным дачыненні Беларусь стала расійскім фарпостам: плацдармам для агрэсіі і рэпрэсій. Аднак гэтая трансфармацыя не завершаная і не з’яўляецца незваротнай. Беларускі рэжым выжывае за кошт прымусу і залежнасці, а не легітымнасці. Пад паверхняй хаваецца грамадства, якое па-ранейшаму імкнецца да суверэнітэту, стабільнасці і сувязі з дэмакратычным светам“.

У матэрыяле паказана, як адбывалася “паглынанне, сектар за сектарам”, а таксама чаму гэта мае значэнне. Адзначаецца, што “залежная Беларусь пагражае флангу НАТО, спрыяе агрэсіі Крамля і служыць узорам для ўмацавання аўтарытарнага рэжыму ў іншых краінах”.

“Для Злучаных Штатаў і іх саюзнікаў настаў час дзейнічаць. Стрымліванне Расіі, абарона Еўропы і падтрымка дэмакратыі праходзяць праз Мінск. Шлях да доўгатэрміновай рэгіянальнай бяспекі праходзіць не толькі праз Кіеў, але і праз свабодную і суверэнную Беларусь“, — лічыць Любакова.

На яе думку, Захад больш не можа дазволіць сабе ставіцца да Беларусі як да другараднага пытання. “З моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Беларусь стала найважнейшай платформай для агрэсіі Крамля: у вайсковым, эканамічным і ідэалагічным плане. Аднаўленне суверэнітэту Беларусі цяпер з’яўляецца стратэгічнай неабходнасцю для гарантавання бяспекі ўсходняй часткі НАТО і больш шырокай абароны дэмакратычных каштоўнасцяў“, — мяркуе аўтар.

Падзяліцца: