Мінск 19:54

У жыхара Жлобіна канфіскавана больш за 5 кг насваю

16 лістапада, Позірк. Больш за 5 кг “некурыльнага тытунёвага вырабу насвай” канфіскавана па месцы жыхарства 36-гадовага жыхара Жлобіна (Гомельская вобласць), паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

“Тавар” прызначаўся як для далейшай рэалізацыі, так і для асабістага спажывання”, — адзначае ведамства.

У дачыненні да мужчыны складзены адміністрацыйны пратакол. Звяртаецца ўвага, што раней ён “прыцягваўся да адказнасці за аналагічныя правапарушэнні”.

МУС нагадала, што ў Беларусі забароненыя вытворчасць і абарот некурыльных тытунёвых вырабаў, вырабленых з тытуню і шчолачнага кампанента.

29 ліпеня паведамлялася аб затрыманні 39-гадовага жыхара Мінска, у гаражы якога супрацоўнікі МУС выявілі “660 кілаграмаў некурыльнага тытунёвага вырабу насвай”. Сцвярджалася, што “рэчыва прызначалася для далейшай рэалізацыі”. Фігуранту пагражае “буйны штраф з канфіскацыяй выручкі або адміністрацыйны арышт”, гаварылася ў рэлізе.

Паводле медыцынскіх крыніц, насвай ўяўляе сабой сумесь тытуню з гашанай вапнай, попелам раслін, вярблюджым кізяком або курыным памётам, алеем і часам прыправамі і сухафруктамі. Частае ўжыванне зніжае канцэнтрацыю, пачынаюцца праблемы з памяццю, эмацыйныя разлады.

Статыстычныя даныя паказваюць, што ў краінах Цэнтральнай Азіі, дзе насвай распаўсюджаны, значная доля выпадкаў рака паражніны рота, гартані і лёгкіх могуць быць звязаныя з залежнасцю ад насвая.

Ужыванне насвая выклікае праблемы з страўнікава-кішачным трактам і паразітарныя хваробы.

Падзяліцца: