Мінск 16:30

Літве варта падумаць пра датэрміновае адкрыццё мяжы з Беларуссю, лічыць кіраўнік МЗС Будрыс

Архіўнае фота: "Позірк"

17 лістапада, Позірк. Літве варта падумаць пра датэрміновае адкрыццё двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю — да 30 лістапада, даты, да якой раней было прынятае рашэнне іх закрыць, такое меркаванне выказаў журналістам 17 лістапада ў Сейме міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс.

“Я лічу, што мы мусім кіравацца тымі ж прычынамі і параметрамі, з якіх прымаліся рашэнні. Думаю, што гэта варта разгледзець”, — цытуе LRT кіраўніка знешнепалітычнага ведамства.

Паводле словах чыноўніка, цяпер літоўскія службы адсочваюць, “што адбываецца ў небе і на зямлі”. “Задача ніколі не заключалася ў тым, каб дасягнуць нечага да пэўнай даты або ставіць нейкія асаблівыя мэты. Мэта — прадухіліць гібрыдныя атакі, якія здзяйсняюцца супраць нас, каб рэжым [Аляксандра Лукашэнкі] змяніў свае паводзіны”, — падкрэсліў Будрыс.

Кіраўнік МЗС Літвы сцвярджае, што сітуацыя з паветранымі шарамі з Беларусі “знаходзіцца пад кантролем”. “Сітуацыя, як я бачу на сённяшні дзень, нават пры ўмовах надвор’я, спрыяльных для правядзення супраць нас гібрыдных атак, кантраляваная. У тым сэнсе, што нашы аэрапорты функцыянуюць”, — адзначыў ён.

Раней галоўны дарадца прэзідэнта Літвы Дэйвідас Матулёніс заявіў у эфіры радыё LRT, што “тэхнічныя кантакты” з Мінскам па пытанні літоўскіх грузавікоў, што захраслі ў Беларусі, чакаюцца 18 лістапада.

“Гэта, па сутнасці, праблема, створаная рэжымам Лукашэнкі, — сказаў чыноўнік. — Гэтыя грузавікі ўзятыя ў закладнікі, і цяпер прапануецца весці перамовы, таму само слова “перамовы” мне таксама не падабаецца. Заўтра, хутчэй за ўсё, будуць тэхнічныя кантакты з беларускім бокам”.

“Мы маем сваё бачанне, мы яго прадставім і паглядзім, як яны адрэагуюць. І калі сапраўды ўсё будзе выглядаць дастаткова добразычліва — я паўтараю яшчэ раз — ніхто адмыслова не зацікаўлены працягваць закрыццё гэтых пагранічных прапускных пунктаў”, — дадаў Матулёніс.

Напрыканцы кастрычніка Літва сутыкнулася з неаднаразовым масавым прылётам з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідкі цыгарэт. Рэагуючы на ​​гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня паводле мінскага часу) з магчымасцю падаўжэння.

У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.

У выніку існай сітуацыі ў Беларусі затрымалася сама меней 1,3 тыс. літоўскіх грузавікоў, якія ўлады ў Мінску распарадзіліся змясціць на стаянкі — пад платную ахову.

Вільнбс беспаспяхова паспрабаваў вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве альбо скасаваць рашэнне пра закрыццё мяжы, альбо выйсці на палітыка-дыпламатычнае вырашэнне праблемы.

Так, прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў заявіў 14 лістапада, што ведамства вітае прапанову, якая паступіла ад літоўскага боку, правесці на пачатку наступнага тыдня сустрэчу на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў памежных службаў дзвюх краін па пытанні барацьбы з трансгранічнай злачыннасцю.

Аднак, на думку Варанкова, “такое ўзаемадзеянне не вырашае пытання адкрыцця закрытых у аднабаковым парадку літоўскім бокам пунктаў пропуску і аднаўлення праз іх руху грамадзян, транспартных сродкаў і грузаў”.

“Яшчэ раз падкрэсліваем, што з улікам комплекснага характару гэтага пытання яго вырашэнне магчымае толькі на палітыка-дыпламатычным узроўні, чаго ад нас так чакаюць грамадзяне Беларусі, Літвы ды іншых дзяржаў, уключаючы ЕС. Беларускі бок да гэтага гатовы. Але існуе і іншы, больш просты варыянт, які не прадугледжвае перамоў: літоўскі бок можа проста скасаваць сваё аднабаковае рашэнне пра закрыццё мяжы”, — заявіў прадстаўнік МЗС.

Падзяліцца: