Мінск 18:02

Ва “ўмовах розных рызык” у Беларусі пройдзе трэніроўка арганізацый па радыяцыйнай абароне

Ілюстрацыйнае фота: Аляксандра Бардаш / unsplash.com

17 лістапада, Позірк. Трэніроўка з установамі і арганізацыямі сеткі назірання і лабараторнага кантролю грамадзянскай абароны пройдзе 19 лістапада ў Беларусі, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Кіраваць ёй будзе МНС. У вучэннях возьмуць удзел арганізацыі, якія вядуць назіранне і лабараторны кантроль, медыцынскую, радыяцыйную і біялагічную дапамогу.

Як адзначаецца, трэніроўку правядуць, каб праверыць гатоўнасць да дзеянняў у выпадку пагрозы, напрыклад, выяўлення радыеактыўных рэчываў, выкіду хімікатаў, эпідэміі, эпіфітатыі ў раслін, эпізаатыі ў жывёл.

Чакаецца, што спецыялісты ацэняць “гатоўнасць арганізацыі да працы ва ўмовах НС”, ​​”эфектыўнасць узаемадзеяння і абмену інфармацыяй”, “надзейнасць каналаў сувязі і сістэм апавяшчэння”.

Удзельнікі будуць трэніравацца “ва ўмовах розных рызык, якія могуць прывесці да надзвычайных сітуацый, каб у рэальным жыцці рэагаваць максімальна хутка і эфектыўна”.

На вучэннях па грамадзянскай абароне 21 кастрычніка, як паведамляла МУС, адпрацоўваліся “дзеянні пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый, у тым ліку ва ўмовах масавых парушэнняў функцыянавання камунальна-энергетычных сетак”.

МНС тады заявіла, што ў рамках мерапрыемства адпрацаваны “адзін з самых крытычных сцэнарыяў”, звязаны з ліквідацыяй наступстваў “умоўнай атакі беспілотнага лятучага апарата, якая прывяла да пашкоджання наземнага газаправода і ўзгарання газапаветранай сумесі”.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вайсковыя вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль. Рэгулярна праводзяцца праверкі сістэмы апавяшчэння насельніцтва.

Падзяліцца: