Мінск 19:24

МУС справаздачылася аб раскрыцці забойства 17-гадовай даўніны, падазраваны затрыманы ў Расіі

17 лістапада, Позірк. Пра раскрыццё забойства, здзейсненага ў 2008 годзе, паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў.

Злачынства было ўчыненае ў Гарадку (Віцебская вобласць), жыхары якога, як адзначаецца, у жніўні 2016 года “звярнуліся ў міліцыю і паведамілі, што на набытым зямельным участку пры зносе хлява пад падлогай знайшлі парэшткі чалавека”.

“Экспертыза паказала, што загінулы — мясцовы жыхар 1966 года нараджэння, які з 2009 лічыцца зніклым без вестак. У той час раскрыць злачынства не ўдалося, але ў выніку карпатлівая праца сышчыкаў дала вынік”, — гаворыцца ў паведамленні.

У кастрычніку 2024 года МУС атрымала інфармацыю аб “знаходжанні падазраванага, 60-гадовага знаёмага ахвяры, у Расіі”. “У цесным узаемадзеянні з калегамі з гэтай краіны мужчыну затрымалі. Ён прызнаўся, што ў верасні 2008 распіваў алкаголь з прыяцелем. Застолле перарасло ў канфлікт, фігурант нанёс апаненту ўдары па галаве і целе рукамі і падручнымі прадметамі. Усвядоміўшы, што той мёртвы, закапаў труп і спешна пакінуў краіну”, — адзначае ведамства.

Цяпер “праводзяцца далейшыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні для ўстанаўлення ўсіх абставінаў здзяйснення злачынства”, удакладняецца ў рэлізе.

Сілавыя ведамствы Беларусі рэгулярна справаздачацца аб раскрыцці злачынстваў шматгадовай даўнасці. Як правіла, гэта звязана з новымі тэхнічнымі магчымасцямі, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць асобы падазраваных з дапамогай экспертызы біяматэрыялаў.

Падзяліцца: