Мінск 22:06

Данія працягне падтрымліваць беларускія дэмсілы — АПК

Фота: АПК

17 лістапада, Позірк. Амбасадар Даніі ў Польшчы Якаб Хенінгсэн “пацвердзіў далейшую падтрымку дэмакратычных інстытутаў Беларусі” па выніках сустрэчы з намеснікам кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўлам Латушкам і спікерам Каардынацыйнай рады (КР) Арцёмам Бруханам. Пра гэта 17 лістапада паведаміла прэс-служба АПК.

“Удзячны, што Данія застаецца непахіснай у сваёй пазіцыі: рэальныя перамены ў Беларусі магчымыя толькі пры ўмове моцнага і паслядоўнага міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі”, — сказаў Латушка пасля сустрэчы з дацкім дыпламатам.

Адзначаецца, што кіраўнік НАУ перадаў амбасадару Даніі, якая цяпер старшынюе ў ЕС, пазіцыю АПК адносна “здзелак” з Лукашэнкам: “так званыя “здзелкі”, якіх жадае дыктатар, не павінны быць заключаныя, пакуль у Беларусі не будуць праведзеныя сапраўдныя палітычныя перамены ў інтарэсах беларускага грамадства”.

“На сустрэчы былі таксама прадстаўленыя звесткі аб працягу масавых палітычных рэпрэсій у Беларусі, пастаянным павелічэнні колькасці палітвязняў, пераследзе грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл”, — гаворыцца ў паведамленні АПК.

Як заяўляецца, Латушка звярнуў увагу, што дэмсілы працягваюць весці “сістэмную працу ў прыцягненні Лукашэнкі і яго саюзнікаў да адказнасці за міжнародныя злачынствы, якія былі імі ўчыненыя”. Да такіх злачынстваў ён аднёс “акт агрэсіі супраць Украіны, дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, злачынствы супраць чалавечнасці і супраць беларускага народа”.

Акрамя гэтага, Латушка азнаёміў Хенінгсена з “фактамі і дакументамі”, якія сведчаць пра “пераслед беларусаў за мяжой, які ажыццяўляе рэжым Лукашэнкі”.

На сустрэчы абмяркоўвалася таксама падтрымка Даніяй ініцыятыў беларускіх дэмакратычных сіл у АБСЕ.

Латушка працягвае кансультацыі з прадстаўнікамі краін ЕС. Раней ён сустрэўся з прадстаўнікамі МЗС і амбасадарамі Францыі, Германіі, Швецыі, Кіпра, Латвіі.

Падзяліцца: